Створаная рабочая група па стымуляванню дзелавой актыўнасці на чале з Лукашэнкам


Адмыслова створаная рабочая група будзе займацца, сярод іншага, выключэннем залішніх патрабаванняў да субʼектаў гаспадарання, удасканаленнем кантрольна-нагляднай дзейнасці.

Пра гэта паведаміў журналістам сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. Па словах прадпрымальніка, група створана распараджэннем кіраўніка дзяржавы яшчэ 13 студзеня.

«Сябе прэзідэнт прызначыў кіраўніком групы, у яе ўваходзяць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, прадстаўнікі міністэрстваў, Камітэту дзяржкантролю і 7-8 прадстаўнікоў бізнесу, у тым ліку я», – сказаў Маргелаў.

Першае паседжанне рабочай групы, паводле спадара Маргелава, адбудзецца 27 студзеня.

Таксама ён адзначыў, што кансультатыўна-каардынацыйная рада 20 студзеня ўжо выпрацавала прапановы, якія будзе абмяркоўваць у рамках рабочай групы, падкрэсліўшы, што трэба прымаць смелыя рашэнні.

У межах рабочай групы будуць унесеныя прапановы па стратэгіі развіцця малога і сярэдняга бізнесу да 2030 году.

Распараджэнне аб стварэнні рабочай групы пакуль афіцыйна не апублікавана.

ВД, паводле belapan.by

Стужка навінаў