Стваральнік першай партыі ў Беларусі і першы выдавец беларускіх кніг – узгадваем Вацлава Іваноўскага


Вацлава Іваноўскага забілі 7 снежня 74 гады таму. Узгадваем забытага героя беларускага адраджэння.

Вы ведалі, што ягоны бацька Леанард перакладаў на ангельскую мову даклад аб перыядычнай сістэме хімічных элементаў Дзмітрыя Мендзялеева на ангельскую мову і падарожнічаў з ім у Лондан?

Ён быў не апошнім чалавекам у Расейскай імперыі, інжынер-тэхнолаг па адукацыі, быў дзяржаўным саветнікам, працаваў у Сібіры і на Урале, меў маёнтак Лябёдка ў 500 га зямлі, каля вёскі Галавічполе, дзе вырошчваў 400 гатункаў яблынь, 100 гатункаў груш, 80-вішняў, слівы і чарэшні. Чалавек сваёй зямлі, у хаце якога чыталі Міцкевіча і Сыракомлю, а між сабой узгадвалі Вялікае княства Літоўскае. Чалавек, які вызначаўся палітычным апартунізмам, аднак які гаспадарча развіваў і ўзбагачаў кожнае месца, дзе знаходзіўся і дзе даводзілася цяжка працаваць.

Вы ведалі, што кожны з братоў Вацлава Іваноўскага быў іншай нацыянальнасці?

Кожнаму з пяці сваіх дзяцей Леанард Іваноўскі забяспечыў выдатную на той час адукацыю. Пакуль малодшыя падрасталі, старэйшых трох сыноў, сярод каторых быў Вацік, спачатку вывучыў у Варшаўскай гімназіі, а пасля забраў разам з сабой у Пецярбург. Усе трое паступілі ў Тэхналагічны інстытут, які бурліў студэнцкімі таварыствамі і суполкамі. Перад наваспечанымі студэнтамі паўстае дылема, да каго далучыцца? Самае цікавае, што пытанне, хто яны, пачало хваляваць хлапчукоў яшчэ ў Варшаве, калі старэйшы Юры цалкам усвядоміў сябе палякам, малодшы Тадэвуш камплексаваў праз насмешкі са сваёй крэсавай гаворкі, а Вацік прыдумаў сабе і настойліва ўсім даказваў, што ён беларус.

Адкуль такая ўпэўненасць узялася ў галаве юнака? Ці гэта быў бунт супраць старэйшага брата, грамадства, несправядлівай долі сялянаў у фальварку? Аднак ужо ва ўніверсітэце кожны з братоў акрэсліваецца канчаткова. Юры становіцца Ежым, далучаецца да Польскай Партыі Сацыялістычнай і нават прымае ўдзел у вызваленні Пілсудскага з турэмнага шпіталя, што значна паўплывае на далейшы яго лёс. Малодшы Тадэвуш навязвае кантакты з літоўскімі дзеячамі і пачынае вывучаць літоўскую мову. А паколькі пра беларускія суполкі і гаворкі ніхто дагэтуль не вёў, Вацлаву застаецца толькі яе стварыць.

Вы ведалі, што Вацлаў Іваноўскі стварыў першую палітычную партыю ў беларускай гісторыі?

У 1902-м годзе Вацлаў Іваноўскі гуртуе вакол сябе аднадумцаў, з якімі стварае Беларускую Рэвалюцыйную Партыю (БРП), першую беларускую партыю ўвогуле. Далей з дапамогай брата звязваецца з польскімі сацыялістамі, якія дапамагаюць яму выдаць некалькі брашур па-беларуску: «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы iдуць», «Хто праўдзівы прыяцель беднага народу», «Як зрабіць, каб людзям стала добра на сьвеце».

Аднак не толькі палітыка цікавіла першых беларускіх дзеячаў. Стварэнне беларускай гістарыяграфіі, беларускай навуковай граматыкі, беларускай літаратуры, кнігавыдавецкай справы былі першаснымі задачамі, пастаўленымі ў звароце партыі «Да інтэлігенцыі», які быў напісаны ўвосень 1902 г., а ў 1903 г. апублікаваны ў часопісе польскіх сацыялістаў «Przedświt».

Вы ведалі, што першую беларускую азбуку (лемантар) апрацаваў інжынер-тэхнолаг, а на практыцы хімік-навуковец?

Не было тады яшчэ не толькі беларускай граматыкі, але нават апрацаванага алфавіту. У другой палове 1904-га г. Іваноўскі пачынае працу над беларускім лемантаром і распрацоўвае два варыянты: лацінкай і кірыліцай, каб дагадзіць і каталікам і праваслаўным. А дапамагаў яму Мар’ян Фальскі, універсітэцкі сябра, які пасля стаў аўтарам аднаго з лепшых польскіх лемантароў. Два інжынеры без філалагічнай ці педагагічнай адукацыі.

Ва ўрадзе Сярэдняй Літвы (В.І. стаіць першы злева); (фота з кнігі Ю.Туронка «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі»)

Вацлаў Іваноўскі быў па-сутнасці першым выдаўцом беларускіх кніг. Пад яго кіраўніцтвам, створаная ім суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу і Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Вільні за 1906-1915 гг. выпусцілі агулам 56 кніг, накладам каля 150 тысяч асобнікаў. Канчатковы вынік яго дзейнасці і дамоваў – каля 80-ці кніг.

Гэта складала амаль палову ад усіх выдадзеных на той час беларускіх кніжак і 60% ад іх накладу. Адначасова з грамадскай і выдавецкай дзейнасцю, ён атрымаў у Мюнхене ступень доктара тэхнічных навук і стаў дацэнтам у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Спецыялізаваўся ў галіне ферментацыі харчовых прадуктаў. Працаваў у Міністэрстве земляробства Расейскай імперыі старэйшым кансультантам па справах перапрацоўкі садавіны і гародніны.

Каб не мучыць чытача і патлумачыць наколькі адораным быў гэты чалавек, можна прывесці такі прыклад.

Пасля няўдалай спробы стварыць Беларускую Народную Рэспубліку, ад яго адвярнуліся ўсе: польскія палітыкі абвінавачвалі яго ў нездаровым нацыяналізме і сепаратызме, беларускія дзеячы лічылі яго здраднікам, а бальшавікі апісвалі ў газетах буржуазныя выхадкі. Іваноўскі сыходзіць з палітычнай сцэны на 16 гадоў і працуе ў Варшаўскай палітэхніцы, дзе стварае кафедру тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў.

За час сваёй працы ў міжваеннай Польшчы была запатэнтавана сем яго вынаходак, сярод якіх: спосаб насычэння драўніны рошчынамі хлафенолу і яго солямі, спосаб атрымання канцэнтраванай воцатнай кіслаты з этылавага спірту шляхам акіслення паветрам у прысутнасці каталізатараў, азотнае пажыўнае асяроддзе для вырабу прасаваных дрожджаў, спосаб пералівання малака, сушыльная калона з ніжнім душнікам ды інш.

Браты Іваноўскія (злева): літовец Тадзік, паляк Юрка і беларус Вацік (фота з кнігі Ю.Туронка «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі»)

Вы ведалі, што ягоная сястра Галена вучылася ў Кембрыджы і публікавала там беларускія песні?

Вацлаў, як ніхто разумеў наколькі важна ў Беларусі развіваць сельскую гаспадарку. Дзякуючы яго намаганням, беларускі земляроб упершыню атрымаў сельскагаспадарчую літаратуру на роднай мове. Сам публікаваў разнастайныя допісы і агратэхнічныя парады. Супрацоўнічаў з папулярным земляробчым часопісам «САХА», у якім публікавацца намовіў сваю сястру Галену, якая была спецыялісткай у конегадоўлі. Галена не толькі пісала сельскагаспадарчыя парады па-беларуску, але ў 1914-м годзе, карыстаючыся са сваіх знаёмстваў падчас вучобы ў Кембрыджы, змясціла ў Лонданскім часопісе «Folk-Lore» тэксты 15-ці беларускіх песень з нотамі, запісаных у ваколіцы Лябёдкі.

Публікацыя суправаджалася вялікім уступам, дзе брытанскіх чытачоў знаёмілі з Беларуссю і яе праблемамі.

Упершыню ў ангельскай тэрміналогіі пры гэтым быў выкарыстаны тэрмін «White Ruthenia» замест «White Russia». Новы назоў дапаўняўся знамянальным тлумачэннем: «Ніводзін беларус не дазволіць называць сябе імем, якое значыць, што ён – расеец» («No White Ruthenian wold ever allow him self to by called by a name would imply that he was Russian«).

В. Іваноўскі падчас вучобы ў Пецярбургу, 1904г.(фота з кнігі Ю.Туронка «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі»)

Так, Вацлаў Іваноўскі быў адным з тых, хто адраджаў беларускасць у час нямецкай акупацыі і асабіста сябраваў з Вільгельмам Кубэ, але на колькі мы маем права яго таўраваць?

Вацлаў Іваноўскі ў 1941-м годзе ўсё ж такі вярнуўся ў Менск. Ён амаль 15 гадоў чакаў моманту, каб гісторыя стварыла абставіны аслаблення суседзяў Польшчы і Расеі, бо толькі пры такіх абставінах была магчымай новая спроба стварыць незалежную Беларусь. У Менску Іваноўскі дабіваецца пасады бургамістра і заводзіць сяброўства з Вільгельмам Кубэ, які на той час быў галоўным камісарам Генеральнай Акругі Беларусь Рэйхскамісарыяту Остланд. Вацлаў выкарыстоўвае прыхільнасць Кубэ да беларускасці і наноў ажыўляе ў Менску беларускае жыццё. Арганізуе працу беларускіх навучальных і культурных установаў, апякуецца дзіцячымі прытулкамі, робіць усё магчымае, каб жыхары гораду не галадалі.

Пахаванне В. Іваноўскага ў Менску, 1943(фота з кнігі Ю.Туронка «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі»)

Пасля забойства Кубэ, на пост бургамістра прэтэндуе колішні паплечнік Радаслаў Астроўскі і гэта стала вырашальным у далейшым лёсе Іваноўскага. 6 снежня двое невядомых застрэлілі Вацлава Іваноўскага, а на наступны дзень ён памёр у шпіталі. Развітацца з ім прыйшоў увесь Менск. Цяпер цела Вацлава Іваноўскага спачывае на кальварыйскіх могілках. Пасляваенны савецкі час надоўга сцёр з памяці беларусаў імя Вацлава Іваноўскага.

Артык напісаны на аснове кнігі гісторыка Юрыя Туронка «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі»

Паўліна Валіш belsat.eu

Стужка навінаў