Ступень падвышанай храновасці: у паветры пахне крызісам 2011 году

Весткі аб змене курсу валют у Беларусі, здаецца, зноў пачынаюць нагадваць франтавыя зводкі. Мы плаўна ўязджаем у 2011 год – з той невялікай розніцай, што тады Беларусь сама сябе сапхнула ў яр, учыніўшы паслявыбарчую расправу з іншадумцамі, а цяпер нас проста ўцягнула арыентацыяй эканомікі на перапрацоўку нафты.

Расце цана на нафту – нам дрэнна, таму што, маўляў, дарагая сыравіна для айчыннай нафтахіміі. Падае цана на нафту – нам усё роўна дрэнна, таму што цяпер адзін з галоўных валютных патокаў у краіну вычэрпваецца на вачах. Як казаў вядомы персанаж з фільма пра герояў грамадзянскай вайны Васіля Іванавіча і Пецьку, белыя прыйдуць – рабуюць, чырвоныя прыйдуць – рабуюць, няма куды беднаму селяніну падацца.

Новости
«Главное – что будет с нефтью». Будет ли обесцениваться белорусский рубль вслед за российским?
2020.03.09 10:44

Не буду мучыцца пытаннем аб тым, чым апошнія паўгода ваганняў нафтавай кан’юнктуры займаўся беларускі ўрад. Чым бы ён ні займаўся, абы мы не плакалі. Аднак з гэтым, падобна, цяжка: чым больш радасныя твары прапагандыстаў дзяржаўнага тэлебачання, тым больш скаргаў раздаецца ў чэргах у кабінеты лекараў, тым суровей народ у крамах і менш прэміяльныя, што выплачваюцца настаўнікам. Зрэшты, апошняе, як справядліва заўважыў Арцём Шрайбман, наўрад ці адаб’ецца на выніках працы ўчастковых выбарчых камісій: уплыў апусцелых кашалькоў і халадзільнікаў на ўзровень дэмакратыі ў краіне не такі імклівы, як ўплыў прывязкі да расейскага рубля і цэн на нафту на курс рубля беларускага.

Можна толькі спрабаваць прадбачыць, як менавіта ўлады будуць адцягваць увагу электарату ад крызісу, які гэтак імкліва нарастае.

Нафтавы і фінансавы крызісы могуць істотна паўплываць на ход выбарчай кампаніі.
Фота: Ірына Ареховская / Belsat.eu

Гэта азначае, зразумела, што можна спрабаваць ўсё спіхваць на братэрскі саюз з Расеяй, але любы нармальны чалавек можа запытацца – дык якога хрэна, прабачце, вы гэтай рэдзькай займацца спрабуеце? Але на гэтае застарэлае пытанне адказ у наяўнасці: дык вы ж самі галасавалі ў 1995 годзе! Вось, на ўсё жыццё выбар і зрабілі! Праўда, адказ гэты мала суцяшае. Змена палітычнага пакалення адбываецца раз на дваццаць пяць гадоў, таму цяперашняму пакаленню такім адказам рот ужо не заткнеш.

Новости
В Беларуси резко вырос курс доллара
2020.03.09 12:46

І тады прыходзіць спакуса знайсці зласлівага і страшнага ўнутранага ворага, якім можна спалохаць большасць жыхароў краіны. У 2011 годзе, калі і грэчцы собіла стаць дэфіцытам, дарэчным для ўлады апынуўся тэрарыстычны акт у менскім метрапалітэне, і дваіх хлопцаў, нават не знайшоўшы час рэалізаваць іх канстытуцыйнае права на абарону, хуценька адправілі ў нябыт, павялічыўшы тым самым сумневы, ці тых знайшлі і расстралялі. Што будуць шукаць цяпер? І – каго? Апазіцыю? Такая спакуса быў ужо ў 2011-м, калі асабліва заўзятыя артысты ад улады адразу агучылі ідэю палітычнай матываванасці тэрарыстычных актаў у метро. Але апазіцыя тады сядзела ў «амерыканцы», альбо толькі што выйшла, так што спісаць на яе крывавы кашмар станцыі «Кастрычніцкая» ў рэальнасці не ўяўлялася магчымым. А цяпер вось яна, родная, гарэзнічае і нават загадзя абяцае пратэсты!

Фота: Ірына Ареховская / Belsat.eu

Сёй-той з маіх знаёмых адправіўся мяняць апошнія беларускія рублі на долары і еўра; іншыя, яшчэ больш прадбачлівыя, накіраваліся каб пацікавіцца, ці дадуць ім зняць валюту з валютных рахункаў у беларускіх банках. Фінансавая сістэма, хай нават адрэагуе з адносным спазненнем (вядомы фінансавы аналітык Вадзім Іосуб сцвярджае, што пік ўздзеяння падзення нафтавых коштаў мы адчуем месяцы праз тры – чатыры), у любым выпадку рызыкуе атрымаць сур’ёзны ўдар. Што нас чакае тады? Новая дэвальвацыя разам з дэнамінацыяй? Народ зноў, як у часы Хрушчова, будзе запасацца дробяззю?

Пакуль супрацоўнікі сілавых структур адны з нямногіх бюджэтнікаў, хто атрымаў дадатак да зарплаты ў 2020 годзе.
Фота: Ірына Ареховская / Belsat.eu

Карацей, можна толькі ўяўляць, хто і што ўзгадае, калі крызіс сапраўды ўступіць у дзеянне. Пакуль мы толькі кветачкі нюхаем, а хрэн з рэдзькай саспеюць акурат перад прэзідэнцкімі выбарамі. Яны і заменяць большасці выбаршчыкаў папкорн. Яксьці так.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў