Студэнты прагульваюць заняткі праз адсутнасць каранціну і гатовыя баставаць


Галоўны корпус БДУ. Фота belsat.eu

16 000 беларусаў падпісалі петыцыю з патрабаваннем перавесці ўстановы адукацыі на дыстанцыйную форму навучання. Людзі патрабуюць ад Мінздароўя, Мінадукацыі, ураду і кіраўніка Беларусі адэкватнай рэакцыі на пагрозу распаўсюду «кітайскай інфекцыі». Тым часам, некаторыя студэнты аб’явілі «самакаранцін» і не ходзяць на заняткі.

Аўтары петыцыі патрабуюць ад уладаў «узмацніць захады па перадухіленні распаўсюджвання каронавіруса сярод людзей, якія наведваюць навучальныя ўстановы» і прапануюць чыноўнікам канкрэтныя крокі, як гэта зрабіць.

Моладзевыя актывісты заклікаюць студэнтаў не баяцца «байкатаваць» лекцыі. «Мы патрабуем ад дзяржавы базавую рэч – абараніць нас: не мы для дзяржавы, а дзяржава для нас», – заклікае «Моладзевы блок».

«Усе суседзі закрылі межы і ўвялі жорсткія захады засцярогі: закрытыя кавярні, рэстараны, універсітэты і школы. З паліцаў беларускіх крамаў знікаюць макароны, кансервы і туалетная папера. Па ўсёй краіне школьнікі і студэнты ўвялі «самакаранцін» – праігнаравалі пары і ўрокі. Універсітэты адмяняюць лекцыі і практычныя заняткі», – піша Telegram-канал «Моладзь.бел».

Пакуль на дыстанцыйную форму навучання вырашыліся толькі некаторыя факультэты галоўных беларускіх ВНУ.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт не адмяніў заняткі нягледзячы на станоўчы вынік тэстаў на каронавірус у пяці студэнтаў гэтай навучальнай установы. Па стане на 14 сакавіка пад медычны нагляд і санітарна-супрацьэпідэміялагічныя захады трапілі 240 студэнтаў і выкладчыкаў БДУ.

Навучэнцы БДУ ў разгубленасці і не ведаюць, што рабіць. Іншыя студэнты проста ігнаруюць заняткі. Напрыклад, 16 сакавіка на патокавую лекцыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прыйшло не больш за 30 асобаў, паведамляюць навучэнцы «кулька» у сацсетках.

Колькі трэба хворых для каранціну?

Па стане на 16 сакавіка ў Беларусі зарэгістравана 36 пацыентаў са станоўчым, лабараторным тэстам на наяўнасць РНК каронавіруса.

У БДУ студэнтаў заклікаюць трымаць дыстанцыю. Фота Ірына Арахоўская

Хтосьці можа сказаць, што гэтыя каранціны «пустое», але факты на дадзены момант такія:

  • каронавірус ужо ў Беларусі і колькасць зарэгістраваных хворых будзе расці, як і рэальная колькасць інфікаваных
  • досвед Кітая, Італіі і Іспаніі паказвае, што «карона» набліжаецца з экспанентнай хуткасцю
  • калі ўспышка «кітайскага віруса» у Беларусі будзе такая ж, як і ў Італіі – не вядома ці вытрымае гэтае выпрабаванне айчынная сістэма аховы здароўя
  • у выпадку чорнага сцэнара – шпіталі будуць перагружаныя і не для ўсіх хопіць ложкаў у палатах
  • часамі медыкам давядзецца вырашыць, хто з пацыентаў будзе атрымліваць лячэнне, а хто памрэ
  • адзіны спосаб перадухіліць такі сцэнар – трымаць як мага больш людзей у хатах і здалёк ад месцаў, дзе можа ўтварыцца натоўп

Каб зразумець, што ўсё сур’ёзна – паглядзіце на відэа вышэй, а пасля на графік.

Памаранчавыя слупкі – афіцыйная колькасць выпадкаў у кітайскай правінцыі Хубэй (дадзеныя за адзін дзень).

Шэрыя слупкі – сапраўдная колькасць інфікаваных каронавірусам, якія на той момант не былі зарэгістраваныя (вылічваецца матэматычна).

Hавiны
Канапацкая зладзіла адзіночны пікет з патрабаваннем увесці каранцін
2020.03.16 16:33

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў