Студэнты пра суботнія затрыманні: «Нейкае мяса»


Не прайшло і тыдня ад пачатку навучальнага года, а ўжо маем пакалечаных студэнтаў. Зламаны палец, падвышаны ціск, адну студэнтку душылі, а замест 25 чалавек за партамі – група студэнтаў у Ленінскім РУУС. Затрыманыя студэнты распавялі Belsat.eu пра чарговы незапланаваны ўрок сілавікоў у апошні дзень навучальнага тыдня.

Данііл, Павел і Кацярына апынуліся сярод тых студэнтаў, якіх гвалтоўна затрымалі 5 верасня ў абед. Навучэнцы розных універсітэтаў сабраліся ва ўнутраным дворыку БДУ каля факультэту міжнародных адносін, каб выказаць салідарнасць са студэнтамі МДЛУ.

«Потым мы выйшлі з унутранага дворыка і выйшлі маршам да МДЛУ па Карла Маркса. Спачатку да нас пад’ехалі і мы хутка разбегліся, але ўсё ж такі паспелі забраць, здаецца, двух чалавек. Гэта было незразумела: ніякіх апазнавальных знакаў, аўтобусы былі без нумароў. Гэта папросту мае здагадкі, што гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў», – успамінае Павел, студэнт факультэту міжнародных адносін БДУ.

Іншы студэнт ФМА Данііл распавёў, што частка людзей тады разбеглася, але большасць вярнуліся ў групу з прыкладна сямідзесяці чалавек.

Пратэсты каля МДЛУ. Менск, 5 верасня. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

«Калі мы пайшлі па вуліцы Карла Маркса, праходзілі каля нейкай кавярні – насустрач нам прыехала 3-5 бусікаў. Мы ўсталі ў счэпку каля кавярні, спінай да сцяны. Перад намі былі дзяўчыны. Пад’ехалі невядомыя ў балаклавах, бусікі без нумароў. Ніякіх папярэджанняў пра парушэнне закону не было, яны не прадставіліся. Хацелі, каб мы пайшлі з імі – мы адмовіліся. І тады яны пачалі», – распавядае Данііл.

Затрымалі і студэнтку біялагічнага факультэту БДУ Кацярыну, хоць людзі вакол крычалі, што гэта дзяўчына.

«Мы ўсталі ў счэпку, каб не аддаваць сваіх. Яны зайшлі да нас ззаду. У нейкі момант пачалося… Не ведаю, як гэта апісаць. Нейкае мяса, не ведаю што. Ззаду білі, я стаяла ў першых шэрагах, стаяла са сцягам і ў нейкі момант яны пачалі вырываць мяне. У мяне зляцелі акуляры, я ўпала назад. Потым мяне хтосьці за валасы ўзяў, пару секунд душылі. Мяне папросту выдзернулі, калі я намагалася падняць акуляры, кінулі на зямлю. Гэта адбывалася так хутка. Я ўжо не стала падымацца, мяне ўзялі і закінулі ў бусік», – падзялілася Кацярына з журналістамі каля Ленінскага РУУС.

Даніілу падчас затрымання зламалі палец:

«Калі мяне выдзіралі, то схапілі за палец, каб адчапіць руку. І вось тады я пачуў хруст. Болю, напэўна, з-за адрэналіну не адчуў. Схапілі і пацягнулі ў аўтобус. Працягнулі па зямлі – у мяне абадраныя калені. Затрымалі прыкладна 25 чалавек. Пакуль везлі, нас паставілі на калені, галовамі ўніз, рукі на сядзенне, каб былі бачныя. Запытвалі нас, чаму мы выходзім. Адзін невядомы сказаў прыкладна такое: «Вы разумееце, што вамі кіруюць з Захаду, каб разбурыць нашу краіну?» На поўным сур’ёзе гэта казаў. Потым пагражалі крымінальнай справай».

Даніла пасля затрыманняў. Фота – асабісты архіў хлопца

Павел распавёў, што яго затрымалі не так жорстка:

«Потым нас загрузілі ў бус, павезлі праз Інстытут Культуры, я краем вока заўважыў. Нам вокны зачынялі супрацоўнікі. Нават не ведаю, хто гэта. АМАП? Яны ніяк не прадставіліся, не давалі ведаць, адкуль яны. Намагаліся націснуць на нас маральна: «Чаму вы за дзяўчатамі хаваецеся? Вы не мужчыны». Пачалі абвінавачваць у дэстабілізацыі».

пратэсты ля МДЛУ
Пратэсты каля МДЛУ. Менск, 5 верасня. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Пра тое, што студэнты ў Ленінскім РУУС, яны даведаліся ад супрацоўнікаў ужо на месцы.

«У Ленінскім РУУС супрацоўнікі ставіліся 50/50. Былі людзі, якія добра ставіліся. Былі супрацоўнікі, якія маральна ціснулі, прычым на кожнага па-рознаму. Былі хлопцы, на якіх ціснулі за фрызуру: «Ты не хлопец, ты дзяўчына». Яны выяўлялі, у каго якія моманты. Як я разумею, адштурхоўваючыся ад гэтага намагаліся ціснуць маральна. Нас было 25 чалавек. Адзін хлопец няпоўнагадовы з радыётэхнічнага факультэта, здаецца. Усе астатнія студэнты з БДУ. У асноўным былі ФМА, юрфак і гістфак, таксама дзяўчына з біяфаку», – успамінае Павел.

Навучэнцаў завялі ў гараж для службовага транспарту. Першы час яны стаялі тварам да сцяны, адзін супрацоўнік міліцыі падыходзіў да кожнага, разварочваў і запытваў асабістыя дадзеныя.

«Усё вельмі марудна адбывалася. Такое пачуццё, што гэта таксама быў рычаг маральнага ціску, таму што чым болей ты там, у такой атмасферы, тым цяжэй», – кажа Павел.

Калі студэнтаў прывезлі ў РУУС, то прасілі аддаць тэлефоны. Данііл свой адключыў:

«Іх гэта чамусьці вельмі абурыла. Потым ужо на даглядзе асабістых рэчаў я пабачыў, што мой тэлефон разбіты і ён ужо не працаваў. Відаць, спецыяльна яго разбілі. Я сказаў пра разбіты тэлефон супрацоўніку, які праводзіў дагляд. Ён запісваў у пратакол спіс рэчаў, якія ў мяне былі і сказаў: «Запішам, што тэлефон у вас быў разбіты». Быццам мяне прывезлі з ужо разбітым тэлефонам. Я вырашыў, што пазней прыйду да іх і напішу заяву».

Пратэсты каля МДЛУ. Менск, 5 верасня. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Прыкладна а 14-ай гадзіне Павел і Данііл папрасілі выклікаць хуткую.

«Было апісванне рэчаў. На камеру нам задавалі пытанні: «Ці маеце прэтэнзіі да супрацоўнікаў?» Былі людзі, якія казалі, што маюць прэтэнзіі. У тым ліку і хлопец, якому зламалі палец, у яго ўсе калені ў крыві былі. Акурат у той момант у мяне падняўся ціск», – распавядае Павел.

Даніілу міліцыянты сказалі, што выклікалі хуткую:

«Але потым я запытаў супрацоўнікаў хуткай дапамогі – яны сказалі, што выклік паступіў а 16:45. То бок насамрэч выклікалі пазней».

Хлопцаў выпусцілі першымі пасля падпісання пратаколаў:

«Нам далі два пратаколы і маральна ціснулі, каб падпісалі, бо не выпусцяць. Таму мы падпісалі і з’ехалі. Да гэтага мы падпісалі, што атрымалі копіі пратаколаў, але мы так нічога і не атрымалі. Намагаліся напісаць заяву, што хацелі б атрымаць копію, але перадаць заяву праз супрацоўнікаў не атрымалася», – дзеліцца Павел.

Пратэсты каля МДЛУ. Менск, 5 верасня. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Хлопцы маюць пратаколы па артыкулах КаАП 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і 23.4 – непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

«Другое абвінавачванне ўвогуле не па справе. Ніякіх патрабаванняў не паступала, мы ўвогуле не ведалі, што гэта супрацоўнікі міліцыі. Гэта можна расцэньваць як напад бандытаў нейкіх. У іх не было ніякіх надпісаў, нічога. Яны былі ў балаклавах, без абазначэнняў. Хтосьці быў у цывільным, хтосьці ў форме вайсковай расфарбоўкі», – успамінае Данііл.

Каля Ленінскага РУУС быў дэкан гістарычнага факультэту БДУ Вадзім Гігін. Хлопцы распавялі, што падтрымаць іх прыехалі іншыя студэнты, а таксама дэканы ФМА і юрфаку.

«Яны нам выказалі падтрымку. Сказалі, што паспрабуюць нам дапамагчы. Вельмі было прыемна, што такое стаўленне з боку кіраўніцтва да сваіх студэнтаў, вялікая ім павага за гэта» – дзякуе Данііл.

Абноўлена
28-ы дзень мірных пратэстаў: салідарнасць студэнтаў, жаночы марш, затрыманні
2020.09.05 16:56

Маці Паўла, Ларыса, таксама выказвае падзяку дэканам ФМА і юрфаку:

«Вельмі прыемна, што людзі падтрымліваюць адзін аднаго. Тут такая ўзаемападтрымка, якую мы даўно не бачылі. Гэта вельмі радуе. Гэта сапраўды нацыя, якая адрадзілася і кансалідавалася. Кожны пачаў адчуваць плячо адзін аднаго».

Жанчына распавяла, што калі яны з мужам прыехалі да РУУС, то атрымаць інфармацыю, ці іх сын тут, было цяжка:

«Казалі: «Ідзіце дадому, чакайце». Пазней нам з мужам вельмі дзіўна было чуць, за што іх затрымалі. Па відэа бачная самаабарона. Дзеці сябе намагаюцца абараніць ад невядомых людзей, якія на іх нападаюць. З боку студэнтаў не было ніякага непадпарадкавання. Супрацоўнікі РУУС заявілі, што яны аказвалі непадпарадкаванне і што іх трэніруюць. «Вы ж ведаеце, што яны былі ў счэпцы?», – казалі. Безумоўна яны сябе абараняюць, яны дзеці, яны спужаліся. Мужчыны незразумелыя на іх кідаюцца і намагаюцца скрасці дзяцей. Вось такія дзіўныя заявы былі ад супрацоўнікаў РУУС, што ва ўніверсітэце нашых дзяцей трэніруюць аказваць супрацьдзеянне ўладзе», – абураецца маці Паўла Ларыса.

Hавiны
Акцыяніст Міхаіл Гулін: Самыя важныя рэчы цяпер ствараюць не мастакі
2020.09.06 15:41

Цяпер хлопцы кажуць, што нармальна сябе адчуваюць.

«У мяне гіпертанічны крыз, заўсёды былі праблемы з ціскам. Калі вымяралі ціск, то было 200/100. Лекары добра ставіліся. Эмацыйнай адзнакі не давалі, але яны былі наладаваныя на тое, каб нас забраць, давезці, самі настойвалі на гэтым. Супрацоўнікі РУУС не адразу хацелі нас адпускаць, але ў цэлым без праблем. Бліжэйшым часам звяжуся з юрыстам, параюся, што рабіць. Буду намагацца па максімуму сябе абараніць».

А вось Данііла яшчэ чакае аперацыя.

«Адчуваю сябе нармальна. Пабываў у шпіталі, зрабілі рэнтген. У мяне зламаны ўказальны палец на правай руцэ, але пералом дрэнны. Сказалі ў панядзелак прыйсці ў больніцу, каб шпіталізаваць і зрабіць аперацыю – будуць устаўляць металічную канструкцыю. Моцна садраныя калені. Напісалі, што ўдар каленных суставаў. Зараз ужо нармальна сябе адчуваю, псіхалагічна таксама перажыў гэта. Я планую пісаць заяву ў Следчы камітэт. Магчыма, заяву ў міліцыю наконт разбітага тэлефона. Як мінімум гэта».

Дзіяна Раткевіч Belsat.eu

Стужка навінаў