Студэнты ЕГУ пачалі штодзённыя пікеты дзеля абароны ўніверсітэту


Пратэстоўцы каля МЗС Літвы. Фота Ганна Русінава, belsat.eu

Пачынаючы з 3 кастрычніка штодня а 12:00 студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту пачалі выходзіць на пікеты каля прадстаўніцтваў ключавых донараў ЕГУ з патрабаваннямі паўплываць на сітуацыю ў ім. Пікеты праходзяць каля прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Літве, амбасады Швецыі ў Вільні і Міністэрства замежных справаў Літвы.

Як адзначаюць у студэнцкім аб’яднанні ЕГУ, звярнуцца да ключавых стэйкхолдараў універсітэту было вырашана ва ўмовах адсутнасці ўнутраных спосабаў вырашэння праблемаў універсітэту і «поўнага ігнаравання» адміністрацыяй вну студэнцкай незадаволенасці.

Пратэстоўцы каля амбасады Швецыі ў Літве. Фота Ганна Русінава, belsat.eu

Студэнты заяўляюць, што гатовыя запрасіць рэктара, чальцоў Кіроўнай рады і Агульнага сходу саўладальнікаў для публічных перамоваў.

«Мы вельмі раззлаваныя!» Студэнты ЕГУ пратэстуюць супраць «аўтарытарызму» кіраўніцтва

У Вільні 1 кастрычніка распачаўся страйк студэнтаў ЕГУ, якія выступаюць супраць павышэння аплаты за навучанне і «аўтарытарных практыкаў» кіраўніцтва ўніверсітэту.

Пратэсты справакавала рашэнне Агульнага сходу саўладальнікаў універсітэту, якое змяніла крытэры аплаты навучання. Сярэднія балы для атрымання бясплатнай адукацыі і зніжак на аплату падвысілі на 0,4 бала да 9,61-10,0. Пры рэйтынгу 9,21-9,60 трэба плаціць 800 еўра на год, пры рэйтынгу 8,81-9,20 – 1400 еўра.

Надпіс на плакаце: «Еўрапейская адукацыя – аўтарытарныя метады?» Фота Ганна Русінава, belsat.eu

Змена фінансавых правілаў адбываецца на фоне зніжэння якасці адукацыі. З ЕГУ сыходзяць ключавыя выкладчыкі, дзейнасць універсітэту негатыўна ацаніў Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі Літвы (SKVC). Апошняй кропляй, якая паўплывала на рашэнне выйсці на вуліцу, стала адмова працягваць з кантракты з шэрагам выкладчыкаў праграмаў «права», «палітыка» і «дызайн».

Страйк студэнтаў ЕГУ – першы ў гісторыі вучэльні

Кіраўнік аддзелу камунікацыі і развіцця ЕГУ Максімус Мілта сцвярджае, што адміністрацыя гатовая да дыялогу са студэнтамі. Але, маўляў, абураныя студэнты да іх нават не падыходзілі:

«Мы маленькі ўніверсітэт, у нас няма сакратароў, можна вольна падысці – ад дырэктара да прэзідэнта. Ад кіраўніка дэпартаменту да кіраўніка аддзелу. Але гэтага зроблена не было».

***

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі скасавала ліцэнзію ЕГУ на аказанне адукацыйных паслугаў, што выклікала публічныя пратэсты студэнтаў і выкладчыкаў. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў сваю працу ў Літве, дзякуючы шырокаму падтрыманню з боку літоўскага ўраду, еўрапейскай супольнасці і міжнародных фондаў.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары