Студэнту за абразу начальніка менскага АМАПу далі паўтары гады «хіміі»

Суд Фрунзенскага раёну разглядзеў крымінальную справу ў дачыненні да 19-гадовага студэнта МДЛУ Іллі Тананкі за абразу палкоўніка міліцыі, начальніка АМАПу Менску Дзмітрыя Балабы. Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён напісаў на сцяне дому па вуліцы Скрыпнікава, дзе пражывае начальнік менскага АМАПу, «Балаба – забойца», чым публічна абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.

Па матэрыялах справы, паведамляе «Вясна», студэнт «публічна абразіў супрацоўніка АМАПу, прычыніў шкоду гонару і годнасці, апусціў аўтарытэт супрацоўніка ў вачах навакольных, падарваў прэстыж кіраўніцкай дзейнасці ў дзяржаве, якая ажыццяўляецца супрацоўнікамі аддзелу ўнутраных справаў, нанёсшы шэраг надпісаў з негатыўнай ацэнкай на адрас палкоўніка міліцыі Дзмітрыя Балабы».

Трох студэнтаў, у тым ліку Іллю, затрымалі 26 верасня. ГУУС Менгарвыканкама паведаміла тады: «Трое студэнтаў прыйшлі паглядзець на дом па вуліцы Скрыпнікава, даведаўшыся з інтэрнэту, што машына і фасад дому міліцыянта размаляваныя пагрозлівымі і абразлівымі надпісамі. Потым яны захацелі пакінуць свае надпісы на стэндзе пад’езда».

З затрыманымі хлопцамі знялі пакаяльнае відэа, дзе з імі, у тым ліку, размаўляў Дзмітрый Балаба.

Ілля распавёў на судзе, што паказанні ў РУУС Фрунзенскага раёну яны давалі 27 верасня пасля таго, як правялі ноч у камерах, дзе немагчыма было спаць.

У той жа дзень яны атрымалі па 15 сутак па артыкуле 23.4 «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў».

Ілля Тананка сваю віну прызнаў.

«Я быў абураны дзеяннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у тым ліку збіццё пратэстуючых, быў абураны перакрыццем працы метро. Ён зʼяўляецца кіраўніком АМАПа, дзеянні адбываюцца пад яго кіраўніцтвам. Астатнія надпісы былі хутчэй воплескам эмоцый», – патлумачыў свае дзеянні Ілля.

Пакаранне

Дзяржабвінаваўца запрасіла для студэнта пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на паўтары гады. Таксама яна лічыць неабходным задаволіць грамадзянскі пазоў Балабы аб кампенсацыі шкоды.

Суддзя Андрэй Млечка падтрымаў прапанову пракурора і пакараў Іллю Тананку 1,6 года «хіміі», а таксама абавязаў выплаціць тысячу рублёў за маральную шкоду.

Hавiны