Студэнтку з Зімбабвэ выгналі з Расеі за «заклікі хадзіць у пратэстанцкую царкву» і місіянерства


Ніжагародскі абласны суд прыняў рашэнне выправадзіць з Расеі студэнтку Прыволжскага даследчага медычнага ўніверсітэту Кудзай Нямарэбву, якая прыехала з Зімбабвэ, а таксама аштрафаваў яе на 5000 расейскіх рублёў за «вядзенне місіянерскай дзейнасці», паведамляе tvrain.ru.

Суд вынес рашэнне яшчэ ў студзені, аднак вядома пра справу стала толькі цяпер – пра гэта напісала ва «УКантакце» сяброўка зімбабвійскай студэнткі. У пастанове суда гаворыцца, што Нямарэбву ажыццяўляла місіянерскую дзейнасць у рэлігійнай арганізацыі Аб’яднанне цэркваў хрысціянаў веры евангельскай, прыехаўшы ў Расею па студэнцкай візе.

Паводле сяброўкі студэнткі з Зімбабвэ, Галіны Лямін, суд прызнаў Нямарэбву вінаватай у місіянерскай дзейнасці праз рэпост відэароліка з канцэрту замежных студэнтаў, якія спявалі госпэл (жанр духоўнай хрысціянскай музыкі).

Са слоў Лямін, Нямарэбву не размаўляе па-расейску і не магла весці місіянерскую дзейнасць. «Абʼяднанне цэркваў хрысціянаў веры евангельскай існуе ўжо каля дваццаці гадоў. Гэта быў канцэрт музыкі, які ладзілі студэнты-замежнікі. Гэта закрытае мерапрыемства, ніякіх анонсаў у пабліку і СМІ не было», – кажа Лямін. Паводле яе слоў, замежныя студэнты «пасля гэтай гісторыі рэзка пачысцілі старонкі».

Прадстаўніца пратэстанцкай царквы «Амбасада Ісуса», у якую хадзіла Нямарэбву, Юлія Ярмошына распавяла tvrain.ru, што студэнтка была пастаяннай прыхаджанкай царквы з 2012 года. Паводле Ярмошынай, ужо пасля рашэння суда, у красавіку, да Нямарэбву ў інтэрнат прыехала паліцыя, бо яна зрабіла рэпост яшчэ аднаго відэазапісу ва «УКантакце».

«Там няма ніякага закліку да таго, каб людзі прыйшлі ў гэтую канкрэтную царкву, у роліку ідзе гаворка пра бога, пра хрысціянства. Там адна студэнтка распавядае пра тое, як бог змяніў ейнае жыццё», – кажа Ярмошына. Прадстаўніца царквы дадала, што паліцэйскія прыгразілі студэнтцы паўторным разглядам справы і пераглядам тэрміну выдварэння.

«Кудзай прыехала з Зімбабвэ, дзе 80 % насельніцтва хрысціяне-пратэстанты, так што яна хадзіла ў звычайную для яе царкву. Яе бацькі заплацілі каля мільёна рублёў за навучанне, яна хацела застацца ў Расеі працаваць», – адзначыла Ярмошына.

ЮВ, belsat.eu, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў