Студэнтка Палескага ўніверсітэту: «Нам забараняюць выязджаць за горад». Універсітэт: «Толькі рэкамендуем»

Паводле студэнтаў, універсітэт закрываюць на каранцін.

Да Belsat.eu звярнулася студэнтка Палескага дзяржаўнага ўніверсітэту, што знаходзіцца ў Пінску. Яна паведаміла, што навучальную ўстанову зачыняюць на каранцін. Пры гэтым на пары хадзіць трэба, па Пінску перасоўвацца можна, а выязджаць за межы гораду нельга.

«Учора намеснік дэкана па выхаваўчай працы сказаў нам, што ва ўніверсітэце аб’яўляецца каранцін, што мы павінны хадзіць на пары, можам спакойна гуляць па Пінску. Дадому нам выязджаць нельга ні на якіх падставах, інакш можа дайсці да выключэння ці могуць перавесці ў студэнцкі інтэрнат. Ён горшы па ўмовах пражывання. Літаральна паўтары тыдні таму нам казалі, што ўсё добра, што ўсё спакойна, што мы яшчэ можам радавацца таму, што ў нас усё спакойна. Учора рэзка сказалі пра тое, што нас пераводзяць на каранцін», – распавяла студэнтка. Дзяўчына кажа, што прычыны ім не патлумачылі.

Фота: adukar.by

Інфармацыю пракаментавала прарэктарка Палескага дзяржаўнага ўніверсітэту па вучэбнай працы Вольга Залатарова:

«Не, гэта няпраўда. Мы працуем так, як працуюць усе іншыя ўніверсітэты. Для таго, каб наш універсітэт пайшоў на каранцін, неабходныя нейкія рашэнні з боку Міністэрства адукацыі ці нейкія асаблівыя абставіны. У нас няма ані нейкага асаблівага рашэння Міністэрства, ані асаблівых абставінаў».

Каранціну няма, але наведанне вольнае. Што адбываецца ў Каледжы імя Глебава?

Што да інфармацыі пра забарону выезду за межы гораду, прарэктарка адказала:

«Такой забароны няма. Мы рэкамендуем нашым студэнтам абмежаваць перасоўванне. Пажадана не выязджаць на выходныя дні за межы інтэрнату, заставацца ў ім, каб папярэдзіць магчымасць пераносу, заражэння. Яны вандруюць у маршрутках, у цягніках – гэта не вельмі бяспечна. Гэта агульная рэкамендацыя, якая прынята ў шмат якіх універсітэтах, але, безумоўна, мы не можам забараніць чалавеку выехаць. У нас усё спакойна ва ўніверсітэце, няма ніякіх выпадкаў захворванняў».

Жанчына заўважыла, што за выезд студэнтаў за межы Пінску ніякіх санкцыяў ва ўніверсітэце прымаць не могуць і не хочуць.

Дзіяна Раткевіч Belsat.eu

Hавiны