Студэнтаў прымусова зганяюць на парад 9 траўня?


У сацсетках пайшлі чуткі, што студэнтаў масава зганяюць на парад да Дня перамогі. Карэспандэнты Belsat.eu паразмаўлялі і са студэнтамі, і з выкладчыкамі.

«Трэба 10 чалавек ад факультэту»

У Telegram-канале «Отчислено» пачалі з’яўляцца скрыншоты перапісак, дзе старасты груп просяць студэнтаў прыйсці на парад 9 траўня ў Менску. Узамен адміністрацыі ўніверсітэтаў абяцаюць залічыць студэнтам адпрацоўкі, выбраць пакой у інтэрнаце ў наступным годзе – так студэнтаў заманьваюць у БДТУ.

На розных факультэтах – розныя патрабаванні. На некаторых просяць па 1-2 чалавекі з групы, на іншых – 10 чалавек ад факультэту. Апроч адпрацовак абяцаюць забяспечыць поўную абарону.

На скрыншотах бачна, што старасты не вельмі ахвотна перадаюць паведамленні ад дэканата. Нехта напісаў: «Чытайце як «Гэта таго не варта»».

Студэнтаў заманьваюць нават грашыма. З’явіліся скрыншоты з самай буйной суполкі «Вконтакте», прысвечанай пошуку працы ў сталіцы:

«Увага, для масоўкі на парад 9 траўня патрабуюцца студэнты. Час з 9 да 12. Аплацім 10 рублёў».

Аднак зараз гэтая абвестка недасяжная.

Што гавораць студэнты?

Стараста адной з груп БДЭУ кажа, што ёй патэлефанавала куратарка старастаў універсітэту і папрасіла даведацца, хто са студэнтаў хоча пайсці на парад.

«Я адказала, што ахвочых няма. Сілай анікога не заганялі», – кажа суразмоўца «Белсату».

Студэнты хімічнага факультэту БДУ пацвярджаюць, што іх запрашаюць прыйсці на парад. Старастам нават абяцаюць 20 рублёў за ўдзел. Але большасць старастаў на такія прапановы не пагаджаюцца: здароўе даражэй. На іншых факультэтах БДУ аніхто са студэнтаў не чуў, каб кагосьці запрашалі на парад.

«Мы ж зараз на дыстанцыйным навучанні. Таму аніякіх такіх запрашэнняў не было», – кажа студэнтка гуманітарнага факультэту БДУ.

З ёй пагаджаюцца і студэнты факультэту міжнародных адносін БДУ.

«Я бачыла процьму скрыншотаў у Telegram-каналах, але сама з такім не сутыкалася. Сітуацыя дзікая!» – каментуе студэнтка факультэту.

Інфармацыю пацвярджаюць і выкладчыкі факультэту: паводле іх, дэканат нічога не казаў наконт удзелу ў парадзе. Студэнты медычнага і лінгвістычнага ўніверсітэту таксама кажуць, што іх аніхто на парад не прасіў прыйсці.

Hавiны
«Тут высокая рызыка заразіцца каронавірусам». Індыйскія студэнты просяць забраць іх з Беларусі
2020.05.02 17:10

Універсітэты: студэнты самі вырашаюць

Прадстаўнікі ўніверсітэтаў кажуць, што студэнты самі вырашаць, ці трэба ім ісці на парад. Мы звярнуліся па каментар да прарэктара БДТУ па выхаваўчай працы Андрэя Гараноўскага. Ён зазначыў, што лепей спраўджваць праўдзівасць інфармацыі ў тых, хто піша пасты.

«Я ў нядзелю там праязджаў [каля месца правядзення параду. – Belsat.eu] і бачыў, што людзей там паболей, чым будзе на парадзе. У нас няма аніякіх праблемаў. Хто не хоча – той не ідзе на парад. Штрафных санкцыяў нікому не будзе», – кажа Гараноўскі.

Галоўны корпус БДУ. Фота belsat.eu

Прадстаўніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Алена Марцулевіч адзначыла, што скрыншоты аб бонусах за наведванне параду не з’яўляюцца афіцыйнай інфармацыяй.

«Нашы студэнты традыцыйна бяруць удзел у розных імпрэзах, якія прысвечаныя важным падзеям. Традыцыйна моладзь і выкладчыкі БДУ запрашаюцца на ўрачысты парад. Гэты год не стаў выключэннем. Важна разумець, што кожнае запрашэнне – гэта не прымус, але выключна добраахвотная і асабістая ініцыятыва кожнага», – кажа яна.

Алена Марцулевіч нагадала, што ва ўніверсітэце не спыняўся адукацыйны працэс і заняткі ідуць адпаведна з зацверджаным графікам. Ва ўніверсітэце прытрымліваюцца неабходных санітарных захадаў.

«Але пры гэтым кожны самастойна вырашае, наколькі актыўна весці свой лад жыцця», – падкрэслівае прадстаўніца ўніверсітэту.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Стужка навінаў