Студэнта БДУ Яўгена Каліноўскага адправілі ў калонію на 4 гады


16 студзеня ў судзе Першамайскага раёну Менску вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 22-гадовага Яўгена Каліноўскага, паведамляе ПЦ «Вясна». Суд цалкам падтрымаў дзяржабвінаваўцу.

У судзе над Яўгенам Каліноўскім.
Фота: Белсат

Суддзя Максім Трусевіч прызнаў хлопца вінаватым па ч. 1 арт. 342 (дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) Крымінальнага кодэкса і пакараў хлопца 4 гадамі пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму. А таксама выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым АМАПаўцам: Ігару Астапуку – 1000 рублёў, Алегу Баразнову – 1500 рублёў.

Яўгена Каліноўскага абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі падчас мірнай акцыі пратэсту 14 ліпеня – у дзень, калі Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты.

Хлопец сваёй віны не прызнаў, лічыў, што не парушаў грамадскі парадак і гвалт да супрацоўнікаў міліцыі не ўжываў, а спрабаваў спыніць супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да грамадзянаў з боку пацярпелых.

Тым не менш, падчас працэсу ён папрасіў прабачэння ў пацярпелымі і часткова кампенсаваў нанесеную яго дзеяннямі маральную шкоду – пералічыў па 500 рублёў дзвюм дзіцячым установам, як таго пажадалі Ігар Астапук і Алег Баразноў.

У апошнім слове Яўген Каліноўскі сказаў: «Мне шкада, што сітуацыя склалася такім чынам, што меліся факты фізічнага кантакту з супрацоўнікамі міліцыі, аднак хачу падкрэсліць, што яны былі абумоўленыя ў першую чаргу ўздзеяннем супрацоўнікаў міліцыі на асобаў, якія знаходзіліся там, што маральна і этычна асуджалася грамадствам і Рэспублікі Беларусь, і міжнароднай супольнасцю. І была дадзеная адназначная грамадская ацэнка. І я ў прынцыпе згодны з гэтай ацэнкай і па гэтай прычыне дзейнічаў у названых абставінах, так як яно атрымалася».

Абаронца прасіў суд апраўдаць абвінавачанага, але калі суд не пагодзіцца – прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Яўген Каліноўскі плануе абскарджваць прысуд

AB, belsat.eu

Стужка навінаў