Сцягі, Пагоня і шаўроны спецназу з БЧБ. Што яшчэ можна набыць у першай гарадзенскай патрыятычнай краме?


У Горадні адкрылася крама «Адметнасць» з патрыятычнымі беларускімі рэчамі.

Крама «Адметнасць»

– Праходзьце, калі ласка! – з усмешкай вітае нас гаспадар новай крамы. На блакітна-шэрых палічках кідаюцца ў вочы яскрава-чырвоныя Пагоні» – на цішотках, кубках, мыле, значках, сцягах і г.д. Канцэпцыя крамы – патрыятычныя рэчы, якія кожны мог бы набыць сабе па даступным кошце.

У краме «Адметнасць»

У краме «Адметнасць»Сяргей Верамеенка ў беларускім коле гарадзенцаў асоба вядомая. Актывіст партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя апошнія гады зарабляў на жыццё, кіруючы таксоўкай. Пра сваю краму марыў даўно ды ўрэшце жаданне здзейснілася.

Шаўрон беларускай мытні

«Я вельмі радаваўся, калі ў нашым горадзе з’явілася этна-крама «Цудоўня». Але ўсё ж такі яе гаспадары рухаюцца ў кірунку этнікі, там шмат ручных вырабаў таленавітых майстроў, а хацелася нечага такога менавіта патрыятычнага. Каб можна было прыйсці, спакойна набыць сцяг і герб Пагоня. У нас тут крыху прасцей. Мы не цураемся самых простых вырабаў, самых танных, нават пластыку не цураемся. У тым ліку супрацоўнічаем з дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Аршанская і Слонімская фабрыкі мастацкіх вырабаў пастаўляюць для нас вышываныя кашулі ды сукенкі з арнаментам, абрусы. Пры гэтым мы ставім меншую нацэнку. Прасцей кажучы, што ў нас купляеш, што паехаць у Слонім – тое самае будзе», – кажа гаспадар новай крамы.

Аўтэнтычныя шаўроны ў краме «Адметнасць»

Аднак не ўсе дзяржаўныя прадпрыемствы гатовыя супрацоўнічаць з уладальнікам «Адметнасці». Ужо некалькі месяцаў Сяргей Верамеенка канфліктуе з магілёўскай фабрыкай «Стужка», кіраўнікі якой адмаўляюцца вырабіць бел-чырвона-белую стужку, хоць раней прадукавалі такую для symbal.by.

У краме «Адметнасць»

Кожная рэч – з гісторыяй

На паліцах стаяць шкляныя кубкі з «Пагоняй» Вадзіма Саранчукова, намесніка старшыні партыі БНФ у Горадні. Мыла ў форме славутых «пачакуноў» са сцяжкамі «Чаканне дастала», якое рабіла Ганна Дундукова. Яе муж праходзіў па справе «Белага легіёну».

У краме «Адметнасць»

«А вось тэпцікі-валёнкі з сімвалам «Белага легіёну». Самі з жонкай рабілі. Усяго тры штукі было, адна пара ў Нямеччыну паехала, адну сам нашу, а апошняя тут. Бранзалеткі вінілавыя, кубкі замаўлялі. Тут у кожнай рэчы свая гісторыя. У Андрэя Мялешкі, журналіста і адначасова філатэліста, мы набылі пэўную колькасць аўтэнтычных вайсковых шаўронаў з бел-чырвона-белымі сцяжкамі, якія выпускаліся ў 90-я. Вось, да прыкладу, шаўрон спецназу. Сёння ўжо цяжка паверыць, што беларускі спецназ такія насіў», – працягвае экскурсію Сяргей Верамеенка.

У краме «Адметнасць»

Іншыя шаўроны таксама ўнікальныя: памежныя войскі, міліцыя, Міністэрства ўнутраных спраў, знайшоўся нават Парашутна-дэсантны полк, – усе з бел-чырвона-белым сцяжком. Як напамін пра тую Беларусь, якая ўсё болей і болей выдаляецца з памяці.

Уладальнік крамы «Адметнасць» Сяргей Верамеенка

Каўнеркі скандальнага гарадзенскага трэнера

На сценах вісяць новыя цішоткі, сярод іх некалькі з эмблемай атраду «Пагоня». Вышыванкі, патрыятычныя каўнеркі. Раптам спадар Сяргей прыадкрыў невялічкую шафку за сталом, адкуль выцягнуў некалькі жоўтых каўнерак.

У краме «Адметнасць»

«Мы зрабілі каўнерку адну цікавую. Памятаеце, не так даўно скандал быў? Ігар Кавалевіч, трэнер футбольнага клубу «Нёман», выйшаў на матч з «БАТЭ» у кашульцы з нашытай Пагоняй. Нешта падобнае і мы вырашылі нарабіць, каб фанаты куплялі ды посцілі потым фоткі з хэштэгам #такіясамыяяккавалевіч, да прыкладу. Пакуль на вітрыну не вывешваем, бо яшчэ не ўзгаднілі», – кажа Сяргей Верамеенка.

Ігар Кавалевіч, трэнер футбольнага клубу «Нёман», выйшаў на матч з «БАТЭ» у кашульцы з нашытай «Пагоняй»
Скандальная каўнерка Ігара Кавалевіча, трэнера гарадзенскага футбольнага клубу «Нёман»

Напрыканцы размовы гаспадар «Адметнасці» дадаў:

«Ведаеце, калі я працаваў кіроўцам таксоўкі, людзі сядалі ў машыну і казалі, як здорава, а дзе такі сцяжок набыць, бел-чырвона-белы? І падумаўшы, я мог толькі і сказаць: або ў Менску, або ў Беластоку. А зараз і ў Горадні будзе можна».

У краме «Адметнасць»

Краму «Адлегласць» можна знайсці на другім паверсе будынку па вул. Кірава 3, побач з Цэнтрам гарадскога жыцця і этна-крамай «Цудоўня».

У краме «Адметнасць»

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў/ Belsat.eu

Стужка навінаў