Сцягі, канцэрт і фудкорт. Горадня па-свойму адсвяткуе Дзень Волі


Гарадзенскі аргкамітэт атрымаў афіцыйны дазвол на правядзенне масавага мерапрыества з нагоды гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР. 25 сакавіка гарадзенцаў чакае святочны канцэрт, традыцыйны мітынг, кірмаш з лепшымі майстрамі Беларусі, а таксама фудкорт.

Як паведамляюць арганізатары, усе запланаваныя мерапрыемствы адбудуцца ў Каложскім парку, дзе будзе ўсталявана сцэна.

Кіраўнік партыі БНФ па Гарадзеншчыне Вадзім Саранчукоў і грамадскі актывіст Дзьмітры Бандарчук

«Мы маем узгодненыя пазіцыі з гарвыканкамам. Горад бярэ на сябе забеспячэнне медычнага абслугоўвання, а за намі ўжо, як за аргкамітэтам, застаецца забеспячэнне ўборкі тэрыторыі, біяпрыбіральні і ўсё, што звязана з гаспадаркай. Таксама, безумоўна, усё тэхнічнае аздабленне, сцэна, атрыбутыка, упрыгожванні, усё што звязана з тэхнічным момантам. Акрамя сцэны, плануецца, што падзея будзе цікавая малому бізнесу. Таксама можна будзе арганізаваць пункты харчавання, фудкорт», – тлумачыць сябра аргкамітэту, грамадскі актывіст, кіраўнік партыі БНФ па Гарадзеншчыне Вадзім Саранчукоў.

«Дзіцячую пляцоўку па адпаведнай дамоўленасці будзе арганізоўваць Гарадзенскі дзіцячы хоспіс. Яны таксама нас падтрымліваюць і зараз мы ўжо ўзгадняем гэта фінальна і акрамя фудкортаў і продажы сувеніраў вельмі верагодна, што частка добрых і якасных майстроў, каторыя падтрымліваюць беларускі рух і маюць дачыненне сваёй прадукцыяй да гэтай тэмы, таксама будуць з намі. Гэта сапраўды атрымаецца паўнацэннае свята з кірмашом і канцэртам», – дадае сябра аргкамітэту, уладальнік этна-крамы «Цудоўня» у Горадні, Андрэй Несцяровіч.

Дазвол гарвыканкама на правядзенне масавага мерапрыемства 25 сакавіка 2018 г.

Як распавядаюць сябры аргкамітэту святкавання БНР у Горадні, цяпер вядуцца перамовы з беларускімі музыкамі, якія атрымалі запрашэнне выступіць на гарадзенскай сцэне. Сярод іх: гурт «Гаротніца» з Андрусём Такіндангам, гурт HandMadE, Разбітае Сэрца Пацана, :B:N: і Trollwald.

Гэта будзе свята з афіцыйна дазволенымі бел-чырвона-белымі сцягамі. У дазволе афіцыйна зазначаецца, што на мерапрыемстве дазволеныя плакаты, эмблемы, сцягі і сімвалы, якія адпавядаюць заяўленай мэце – святкаванню 100-й гадавіны абвяшчэння БНР.

Збор грошаў на Дзень Волі

Паралельна з падрыхтоўкаю святкавання сябры аргкамітэту просяць у гарадзенцаў і ўсіх неабыякавых падтрымаць праект фінансава. На партале talaka.org ужо распачалася каўдфандынгавая кампанія па зборы сродкаў.

Грошы на арганізацыю святкавання таксама можна пакінуць асабіста ў этна-краме «Цудоўня».

Акрамя святкавання 25 сакавіка, запланавана некалькі імпрэзаў, прысвечаных 100-годдю БНР. 23 сакавіка адбудзецца літаратурная вечарына, а 24 сакавіка традыцыйная беларуская дыктоўка. Месца і час пакуль удакладняюцца.

Святкаванне Дня Волі распачнецца ў Каложскім парку на пляцоўцы перад стэлаю:

13.00-14.00 – збор удзельнікаў

14.00-17.00 – святочны канцэрт ды іншыя мерапрыемствы.

ПВ, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў