Сцяганосіцу бел-чырвона-белага палотнішча выганяюць з дачы, якую канфіскуюць за штрафы


Судовыя выканаўцы патрабуюць ад 69-гадовай грамадскай актывісткі Ніны Багінскай пакінуць лецішча, якое канфіскуюць за нявыплачаныя ёю штрафы.

Ад Багінскай патрабуюць вызваліць садовы домік у кааператыве «Геолаг-СМ» (вёска Дамашаны Смалявіцкага раёну). У траўні ён быў арыштаваны за нявыплату штрафаў, накладзеных на актывістку за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Вызваліць дом неабходна да 29 ліпеня, сказана ў лісце з аддзелу прымусовага выканання Смалявіцкага раёну.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, дачны дом у камунальным унітарным прадпрыемстве «Менскі абласны цэнтр інвестыцыяў і прыватызацыі» ацанілі ў 10 тыс. дэнамінаваных рублёў (100 млн рублёў да дэнамінацыі).

«Гэтыя грошы пасля продажу «з малатка» лецішча дзяржава пусціць на пагашэнне штрафаў, якіх у Багінскай на сённяшні сабралася амаль 75 млн. рублёў. А што далей, няўжо чарга дойдзе і да апошняга дачнага ўчастка? І гэта пры тым, што частка пенсіі актывісткі штомесяц ідзе на пагашэнне судовых штрафаў», – адзначаюць праваабаронцы.

Багінская прынцыпова адмаўляецца выплачваць штрафы паводле пастановаў судоў за ўдзел у розных акцыях і пікетах, бо лічыць, што гэта парушае ейнае права на ўдзел у мірных сходах.

У траўні ў менскай кватэры Багінскай, дзе жывуць яе дзеці, судовыя выканаўцы канфіскавалі бытавую тэхніку. Тады ж стала вядома і пра арышт, накладзены на два дачныя ўчасткі актывісткі.

У рамках арганізаванай у сацсетках кампаніі па зборы сродкаў на куплю новай тэхнікі для Багінскай за пяць дзён было сабрана Br 7,8 млн.

У апазіцыйным руху Ніна Багінская ўдзельнічае з канца 1980-х гадоў. Цяпер, нягледзячы на пастаянныя штрафы, прымае актыўны ўдзел у большасці вулічных акцый у Менску, падчас якіх яна нязменна трымае бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг. У прыватнасці 27 ліпеня Багінская разам з актывістамі «Маладога фронту» адзначыла гадавіну падпісання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, прыняўшы ўдзел у пікеце на плошчы Незалежнасці. Тады яе адмыслова даганяў міліцыянт, каб скласці пратакол.

МЯ, паводле spring96.org

Стужка навінаў