«Стрыптыз і вайна»: прэм’ера на «Белсаце»

Wideo

Незвычайная сям’я: стрыптызёр і кіраўнік беларускай ветэранскай арганізацыі. Як яны ўжываюцца пад адным дахам? Ужо ў нядзелю, 18 сакавіка, а 18:55 глядзіце ў новым фільме Андрэя Куцілы.

А нам ён распавёў, як паўставала стужка з гэтым неверагодным сюжэтам.

– Анатоль працуе стрыптызёрам і жыве ў адной кватэры са сваім дзедам і цёзкам, падпалкоўнікам савецкага войска Анатолем Міхайлавічам. Як ты знайшоў такую гісторыю?

– Толіка ведаю з падлеткавага ўзросту, мы разам раслі ў Баранавічах, хадзілі ў адну спартзалу на трэнаванні па дзюдо-самба. Нават адзін супраць аднаго ў спаборніцтвах удзельнічалі. Пасля нашыя шляхі разышліся: кожны з’ехаў вучыцца ў свой універсітэт.

Кадр з фільму «Стрыптыз і вайна». Фота Андрэя Куцілы

Праз некалькі год я ўбачыў яго на сцэне аднаго з менскіх клубаў. Ён вельмі класна танчыў, па-мойму, ужо тады з элементамі эротыкі. У вобразе драпежнага такога чувака, апранутага ў скуры. Але тады я не паспеў да яго падыйсці, ён знік адразу пасля выступу. А праз некаторы час ён прыйшоў на трэнаванне па барацьбе ў спартзалу БДУ. І я даведаўся, што ўдзень ён працуе інжынерам, а ўначы – танцорам у начных клубах. Я падумаў: цікавы чалавек – і зрабіў пра яго матэрыял для праграмы «Рэпартэр», якая выходзіла на «Белсаце».

Пасля, дзякуючы «Белсату», я трапіў трэнінг для дакументалістаў пад кіраўніцтвам польскіх рэжысёраў Мірослава Дэмбіньскага, Яцэка Блавута і Мацея Дрыгаса. І там мы пачалі шукаць варыянты, як паглыбіць і пашырыць тэму. Аказалася, што ў Толіка ёсць цікавы дзядуля, з якім яны разыходзяцца ў поглядах на жыццё. Былы савецкі афіцэр жыве ідэаламі мінулага. А прадстаўнік маладога пакалення замест таго, каб хадзіць на дзяржаўную працу, хоча ажыццявіць мару жыцця: стварыць свой прафесійны калектыў эратычнага танца.

Кадр з фільму «Стрыптыз і вайна». Фота Андрэя Куцілы

На такім канфлікце пакаленняў можна паказаць вобраз усёй Беларусі ды агулам – постсавецкай прасторы. Кожны з герояў жыве ў сваёй Беларусі. Адзін – у савецкай. Другі – у сучаснай, з элементамі спажывецкага грамадства і прагай да капіталізму. І часам гэтыя беларусі пад адным дахам сутыкаюцца, паўстаюць дыскусіі ды спрэчкі. Але галоўнае, што нягледзячы на ўсе гэтыя канфлікты, мы бачым любоў і цеплыню ў адносінах паміж гэтымі двума мужчынамі. Узаемную павагу. Выхаванасць.

– Сапраўды, спачатку дзед падаецца выкапнем сталінскай эпохі, а напрыканцы фільму – даволі сімпатычным персанажам.

– Так. Зразумела, што ён хоча лепшай будучыні для свайго ўнука. Стабільнай працы. Але ўжо іншы час. Мая бабуля таксама не можа зразумець, чаму я займаюся рэжысурай, нідзе стала не працую, бо ў мяне не будзе пенсіі.

Кадр з фільму «Стрыптыз і вайна». Фота Андрэя Куцілы

– Як ты ўгаварыў Анатоля Міхайлавіча здымацца?

– Ягоны ўнук Толік запрасіў мяне да іх у госці, дзе я шчыра выклаў дзядулю ўсю ідэю. Адразу не хаваў, што буду здымаць вашае жыццё такім, як яно ёсць. Пасля дзвюх гадзінаў знаёмства я адчуў, што гэта добрая і сумленная сям’я, што з імі мне будзе камфортна і кіно атрымаецца. Анатоль Міхайлавіч – дзіця вайны, яму давялося шмат перажыць. Таму пры ўсім маім катэгарычным непрыняцці савецкай ідэалогіі, яго самога як чалавека я паспеў зразумець, нават палюбіць. Мы з ім часта і доўга дыскутавалі падчас здымкаў, гэта быў новы для мяне досвед працы з героям. Між іншым (гэта засталося па-за кадрам) я назіраў, як стары афіцэр перажывае за кожнага ветэрана ў сваім раёне, як усімі магчымымі сродкам спрабуе іх падтрымаць.

– А фільм ён бачыў?

– Фільм пакуль не бачыў амаль ніхто. Учора яшчэ ішоў мантаж.

– Ты здымаў яго чатыры гады, чаму так доўга?

– Па-першае, трэба было прасачыць герояў і іхныя адносіны ў часе, бо за пару месяцаў чалавек не змяняецца і гэта не так цікава. Па-другое, мы шукалі фінансаванне. Бо зрабіць яго бясплатна проста немагчыма.

Гутарыла Інга Астраўцова

Фота прадстаўлена Андрэем Куцілам

Глядзі таксама
Каментары