«Стрэлы ў цішы» – паранены ў Берасці пратэстоўца памёр, версіі відавочцаў і МУС разыходзяцца


19 жніўня стала вядома пра новую смерць удзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Пра гэта паведамляе TUT.by.

43-гадовы Генадзь Шутаў памёр у вайсковым шпіталі Менску сёння, 19 жніўня, а 10:20. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.

Месца забойства и момант вывазу забитага ў Берасці мужчыны. Фота ад сведак

Сваякі двое сутак не маглі знайсці Генадзя Шутава. Паводле іх, яго даставілі спачатку ў Берасцейскую абласную больніцу, а затым верталётам пераправілі ў вайсковы шпіталь у Менск. Паводле TUT.by, яго пераводзілі з Берасця ў несвядомым стане з дыягназам «Адкрытае пранікальнае агнястрэльную раненне чэрапа. Удар – размазджэранне галаўнога мозгу. Шматаскепкавы пералом зводу чэрапа з пераходам на аснову».

Што здарылася?

Раніцай 12 жніўня тэлеграм-канал МУС Беларусі паведамляў, што напярэдадні «ў Берасці на супрацоўнікаў міліцыі напала група агрэсіўна настроеных грамадзянаў з арматурай у руках. Папераджальныя стрэлы ўверх іх не спынілі. Для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў зброя была ўжытая на паразу. Адзін з тых, хто нападаў паранены».

Сваякі ж са спасылкай на відавочцаў кажуць, што Генадзь Шутаў не біўся, не канфліктаваў – проста ішоў, а ў яго стрэлілі з даху будынку.

Падобныя звесткі даюць і крыніцы «Белсату». Гэтак, сведка падзеяў заявіў:

«Ніхто не крычаў, не скандаваў, што стрэлы прагучалі амаль у цішы і што іх было каля трох запар».

Паводле сведкі, міліцыянтаў у форме падчас здарэння не было, але людзі ў цывільным адганялі людзей з месца здарэння, а самі побач з параненым чакалі хуткую дапамогу. Калі мужчыну загрузілі ў хуткую, яны зніклі з месца здарэння. Адзін з іх патрапіў на фота.

Таксама ў мясцовым тэлеграм-чаце «Брест для жизни» апублікаванае відэа, на якім чуваць гукі стрэлаў, крыкі «Ляжаць! Роўна ў падлогу, урод!» і «Жэня, што?» і размовы аўтараў відэа пра тое, што чалавека застрэлілі і трэба выклікаць хуткую. Паводле іх, на месцы здарэння былі не міліцыянты. Аўтары відэа заяўляюць, што падзеі адбываліся падчас таго, як быў паранены Генадзь Шутаў.

Як адзначыў кіраўнік Берасцейскага абласнога УУС Аляксандр Астрэйка, для «навядзення парадку» апроч міліцыі прыцягваліся і вайскоўцы – байцы 38-й дэсантна-штурмавой брыгады.

Фота: Руслан Серадзюк для «Белсат»

Генадзь Шутаў не першая ахвяра гэтых пратэстаў. 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, які, паводле відэакрыніц, быў застрэлены на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет. 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла машына на Партызанскім праспекце.

Развітанне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. Станцыя метро Пушкінская, Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня.

Развітанне з Аляксандрам Віхорам у Гомлі. 16 жніўня, 2020 г. Беларусь.
Фота: «Белсат»

А ў Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова, які будучы чальцом участковай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол.

Акцыя работнікаў Нацыянальнага мастацкага музея. Дырэктар Ваўкавыскага музея Канстанцін Шышмакоў адмовіўся падпісваць пратакол, пасля чаго знік 15 жніўня. Менск, Беларусь, 18 жніўня.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

МГ belsat.eu

Стужка навінаў