«Stratfor»: «Захад-2017» наўрад ці стане нагодаю для акупацыі Беларусі


У вялізарным супрацьстаянні паміж Расеяй і Захадам вайсковыя вучэнні – адзін са спосабаў, якім Масква дасылае стратэгічнае пасланне апаненту, адзначаецца ў аналітычным артыкуле кампаніі «Stratfor», якая спецыялізуецца на геапалітычным прагназаванні.

Савецкія маршалы і генералы разам з дэсантнікамі на вучэннях «Захад-1981». Фота wikimedia.org

Савецкія вучэнні «Захад» пачаліся яшчэ ў сярэдзіне 1970-х гадоў (першае адбылося ў 1973 годзе), а потым даволі рэгулярна праводзіліся – у 1977, у 1981, у 1984, у 1985 гадах.

Вучэнні 1981 года былі аднымі з самых буйных за ўсю гісторыю Узброеных сіл СССР. У іх прынялі ўдзел да 150.000 толькі савецкіх жаўнераў, а таксама і войскі краінаў Варшаўскай дамовы. Пры гэтым адпрацоўваўся наступ на тэрыторыю Заходняй Нямеччыны ва ўмовах атамных удараў паміж СССР і НАТО. Пасля заканчэння Халоднай вайны маштабы вучэнняў рэзка скараціліся, аднак пасля расейска-грузінскай вайны 2008 года яны сталі больш колькаснымі і частымі.

Як мяркуюць аналітыкі «Stratfor», гэтыя вучэнні і цяпер сталі люстэркам, у якім адбіваюцца дачыненні Масквы і Захаду, выпрабаваннем і дэманстрацыяй развіцця падзеяў у выпадку сапраўднага канфлікту.

У 2013 годзе ў вучэннях «Захад» па афіцыйных дадзеных удзельнічалі 12.000 асобаў, аднак, згодна з інфармацыяй «Stratfor», колькасць удзельнікаў была як мінімум удвая больш. Аналітыкі лічаць, што тады праводзілася сімуляцыя атамнага ўдару па Швецыі і адпрацоўвалася тактыка, якая потым выкарыстоўвалася ў Украіне і Сірыі.

Пасланне і небяспека

У 2017 годзе вучэнні «Захад», па меркаванні «Stratfor», будуць чарговаю гульнёй мускуламі і дэманстрацыяй пагрозы суседзям. Некаторыя прадстаўнікі НАТО ацэньваюць колькасць удзельнікаў вучэнняў гэтага году, якія адбудуцца 14-20 верасня, у больш чым 100.000 чалавек.

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў падчас анексіі Крыму ў 2014 годзе. Фота wikimedia.org

Дыпламаты і вайскоўцы краінаў Балтыі таксама выказвалі занепакоенасць тым, што Масква выкарыстае вучэнні, каб стварыць сталую вайсковую базу ў Беларусі. Ува Украіне адчуваюць небяспеку з боку расейскіх войскаў, якія, па меркаванні некаторых аналітыкаў, могуць выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі супраць Кіева.

Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі нават агучыў версію, што РФ можа анексаваць Беларусь падчас вучэнняў па прыкладзе Крыму.

Беларусь – небяспечны прыз для Масквы?

Хоць усталяванне сваёй базы ў Беларусі ці раптоўная анексія адпавядаюць стратэгіі гібрыднай вайны, якую вядзе Масква, аналітыкі сумняюцца ў тым, што падобнае адбудзецца.

Беларусь і так зʼяўляецца адным з важнейшых хаўруснікаў Расеі ў сферы бяспекі і эканомікі, такім чынам Масква наўрад ці што шмат выйграе ў выпадку агрэсіі. Аднак можа шмат што страціць, бо значная частка беларускага грамадства выступае супраць празмерна цесных адносінаў з Крамлём.

Патрыятычны клуб «Ваяр». Фота http://mfront.net

Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэслена не падтрымлівае стварэнне расейскай авіябазы ў Беларусі замест гэтага прапануючы ўзмацніць беларускую авіяцыю новымі расейскімі баявымі самалётамі.

Вайна з НАТО ці новы фронт супраць Украіны?

Малаверагодна, што Крэмль рызыкне выкарыстаць «Захад-2017» як прыкрыццё наступальных дзеянняў супраць Украіны ці краінаў Балтыі, лічаць у «Stratfor». Першае значна падвысіць выдаткі на ваенныя дзеянні супраць Кіева. Другое актывізуе палажэнне аб калектыўнай абароне НАТО, што выкліча непрадказальныя для Масквы наступствы.

За вучэннямі таксама будуць назіраць шматлікія афіцэры НАТО запрошаныя беларускім і расейскім бокам.

Амерыканская бранятэхніка адпраўляецца ў Еўропу. Фота U.S. Army

З іншага боку Масква можа пакінуць у Беларусі на захаванне важныя баявыя сістэмы і цяжкі рыштунак, якія могуць тут чакаць свайго часу на выпадак патрэбы хутка перакінуць сюды часткі расейскай арміі, пішуць аналітыкі.

«Вучэнні «Захад» не прывядуць да анексіі [Беларусі] ці наступленняў, якія турбуюць Украіну і краіны Балтыі. Аднак гэтыя вучэнні будуць мець сімвалічны і практычны сэнс як адказ на дзеянні Захада і як падрыхтоўка да будучых магчымых дзеянняў РФ. Вучэнні будуць спрыяць нарошчванню сілаў у супрацьстаянні, якое ўжо адбываецца паміж Масквой і Захадам, і адначасова будуць важным паказнікам таго, як і дзе Расея збіраецца ў будучым выкарыстоўваць сваю вайсковую моц», – адзначаецца ў артыкуле.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў