Stratfor: Беларусь можа збліжацца з Захадам толькі да пэўнай мяжы


Амерыканская разведвальна-аналітычная кампанія спрагназавала, як будуць развівацца стасункі паміж Беларуссю і Захадам.

15 лютага Еўрапейскі звяз зняў большую частку санкцыяў у дачыненні да Беларусі. Стасункі паміж афіцыйным Менскам і Захадам могуць развівацца і далей у 2016-м годзе, мяркуюць у Stratfor. Тым больш, што абʼяднанная еўрапейская супольнасць ужо вырашыла праводзіць перамовы з Беларуссю наконт спрашчэння візавага рэжыму і павелічэння гандлю.

«Беларусь, матываваная аслабленнем расейскай эканомікі, шукае іншыя крыніцы фінансавай дапамогі, сярод іншага пачала папярэднія перамовы з МВФ. Тым не менш існуюць межы, наколькі шчыльна Беларусь можа зблізіцца з Захадам. Расея зʼяўляецца галоўным эканамічным партнёрам Беларусі, які прадастаўляе фінансавую дапамогу і ключавыя тавары, так і нафту з газам па ільготных коштах», – гаворыцца ў аналітычным артыкуле Stratfor.

Таксама адзначаецца, што аўтарытарнае кіраванне Лукашэнкі застаецца галоўнай перашкодай для больш шырокай палітычнай нармалізацыі стасункаў Беларусі з ЕЗ і ЗША. Падтрымка Захадам апазіцыйных групаў краіны і крытыка злоўжыванняў беларускіх уладаў у галіне правоў чалавека працягнуць ствараць недавер з боку беларускага ўраду.

НМ, belsat.eu, паводле Stratfor

Стужка навінаў