Армянскі сцэнар – страшны для Лукашэнкі і Пуціна

ВІДЭА

Сэрж Саргсьян у армянскай палітыцы быў дваццаць гадоў. Ён зрабіў сабе імя яшчэ падчас вайны ў Нагорным Карабаху, і сам – жывое сведчанне таго, наколькі важны для грамадства гэты канфлікт. Саргсьян – не дэспат з Сярэдняй Азіі, не старшыня саўгасу і не бандыт-Януковіч, а адукаваны філолаг, які ведае некалькі моваў, сапраўдны патрыёт. Аднак армяне не выбачылі хлусні: тры гады таму ён абяцаў, што не стане прэм’ерам.

«Калі на вуліцы выйшла 100 тысячаў чалавек, значную частку іх складалі людзі, якія дагэтуль галасавалі за Рэспубліканскую партыю», – кажа Уладзімір Жарыхін з Інстытуту краінаў СНД.

Былы прэзідэнт (і ўжо былы прэм’ер) апынуўся не толькі пад ціскам вуліцы, але і сваіх паплечнікаў, для якіх падтрыманне электарату важнейшае за дабрабыт Сэржа.

Канец эпохі «карабахскіх»

У Арменіі былі прэцэдэнты палітычнага ўваскрашэння, але пакуль у палітычнай кар’еры Саргсьяна пастаўленая кропка: у чацвер ён заявіў, што «дзеля міру і стабільнасці» сыходзіць з паста кіраўніка РПА. Партыя робіць, што можа напярэдадні датэрміновых парламенцкіх выбараў.

«Пост прэм’ер-міністра – гэта ўжо найвышэйшая пасада ў армянскай дзяржаве. Ён павінен эфектыўна займаецца і пытаннямі вонкавае палітыкі, і пытаннямі абароны, і пытаннямі геапалітычных дачыненняў са сваймі вельмі няпростымі суседзямі», – працягвае Уладзімір Жарыхін.

Будучаму лідару Арменіі важны баланс запалу і «хазяйственнасці». Харызма – для выбарцаў, веды – для кіравання. Пашыньян – рашучы трыбун і безумоўны лідар пратэсту. Карапецян – матэматык з грунтоўнымі ведамі па эканоміцы (ён – доктар навук) і вялікім досведам працы ў «Газпраме». Шмат гадоў яго не было ў краіне, але амаль у кожнай армянскай сям’і ёсць нехта, хто працаваў, працуе або будзе працаваць у Расеі.

У выбарцаў могуць быць пытанні да Пашыньяна, які не толькі не браў удзелу ў карабахскай вайне, але ўвогуле не служыў. У яго нават няма адукацыі – выключаны з універсітэту за палітыку. І ён сядзеў у турме – таксама за палітыку. Аднак, на хвалі эмоцыяў людзі ацэняць, што Нікол усё жыццё ў барацьбе за свабоду – і не здаецца.

Ерэван глядзіць на Усход

Пакуль Нікол Пашыньян – адзіны, хто кіруе эмоцыямі краіны, але Усход – справа тонкая. Каб перамагчы, Пашыньяну будзе недастаткова дэманстрантаў: вырашальную ролю будзе ўсцяж граць РПА – не партыя як такая, але асобныя яе чальцы. Не палітыкі, а алігархі з кіроўнай эліты, якім будзе важна захаваць уплывы.

«Калі Пашыньян заключыць закулісную дамову з ключавымі прадстаўнікамі эліты, яны, магчыма, пагодзяцца на ягоную кандыдатуру як прэм’ера Арменіі», – гаворыць Конрад Заштаўт з Факультэту арыенталістыкі Варшаўскага ўніверсітэту.

Канфрантацыя Карапецяна і Пашыньяна прыкрывае больш сур’ёзную праблему, якая не дае развівацца краіне ўжо трыццаць гадоў – Карабахскі канфлікт.

Дзве з чатырох межаў Арменіі – з Турцыяй ды Іранам – сёння ахоўвае расейскае войска

На сёння Масква – адзіны гарант бяспекі краіны. Таму ў кожнай партыі ёсць прарасейскія сілы. Крамлю заўсёды будзе каго падтрымаць. Гэта робіць закладнікам не толькі краіну агулам, але і кожнага палітыка паасобку. Яны вымушаныя прадаваць сябе, бо Масква набудзе іншых.

Расея змагаецца супраць збліжэння «сваіх» краінаў з Захадам, але забываецца, што ёсць і іншыя бакі свету. Усход пашырае свой уплыў – і не патрабуе ані прысягаў на вернасць, ані дэмакратызацыі – магчыма, таму Расея гэтага не заўважае.

У Кітай ды іншыя краіны Далёкага ўсходу Арменія ўжо экспартуе на 6 % болей, чымся ў Расею. Кітай для Ерэвану – ужо трэці па значнасці гандлёвы партнёр. Чацвёрты па велічыні экспартны рынак – Іран. Іранскіх турыстаў было летась у Арменіі ў два разы болей за расейскіх. Варта ўявіць, якія магчымасці дало б Арменіі сканчэнне ізаляцыі і выхад на рынкі іншых суседзяў.

Армянскія ўрокі для Лукашэнкі і Пуціна

Пакуль за тым, што адбываецца ў Ерэване, глядзяць у трывогай ад Баку да Менску. Сыход кіраўніка краіны пад ціскам вуліцы – аўтаматычна кепскі знак.

«На ўсёй постсавецкай, гэтак званай Еўразійскай прасторы шматгадовых кіраўнікоў такі стан рэчаў моцна напружвае – таго ж спадара Лукашэнку, які моцна занепакоіўся», – заяўляе армянскі палітолаг Рубэн Меграбян.

З Ерэванам на гэтым тыдні афіцыйны Менск размаўляў ужо двойчы – спачатку Андрэй Кабякоў, пазней – Аляксандр Лукашэнка.

У Расеі пакуль старанна разрозніваюць кіеўскі Майдан і ерэванскую оперу. Але калі падзеі выйдуць спад кантролю і пачнуць нагадваць Украіну – Расея запусціць прапагандысцкую машыну, якая зробіць з Пашыньяна амерыканскую марыянетку.

«Мы спадзяемся, і робім гэта шчыра, што сітуацыя будзе развівацца выключна ў законным, канстытуцыйным полі, а ўсе палітычныя сілы праявяць адказнасць і гатовасць да канструктыўнага дыялогу», – суха пракаментавала падзеі ў Ерэване прэсавая сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава.

«Расеі не так важна, хто і з якіх крылаў («карабахскіх» ці «армянскіх», арыентаваных на таго або іншага алігарха) будзе на чале дзяржавы: сітуацыя для яго будзе безальтэрнатыўная. Тэр-Петрасян прыйшоў як антырасейскі, азірнуўся, ацаніў сітуацыю – і стаў прарасейскім», – лічыць Уладзімір Жарыхін.

Армянскім урокам для дыктатараў, магчыма, стане «не саджаць, а пасадзілі – не выбачаць». У 2011-м годзе Пашынян выйшаў з турмы па амністыі – пасля гэтага ягоная кар’ера толькі ішла ў гару. Акцыі, падобныя цяперашнім, у Арменіі былі і раней – твар у вуліцы з’явіўся ўпершыню. Такога сцэнару баяцца і Пуцін, і Лукашэнка.

Калі б не Нікол, Саргсьян мог б і надалей кіраваць і партыяй, і краінай.

Сюжэт Дзяніса Дзюбы ўпершыню выйшаў у эфір у праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою 27 красавіка

Таксама ў праграме:

  • Што чакае новую Арменію? Інтэрв’ю з палітычным аглядальнікам Барысам Навасардзянам;
  • Лукашэнка не робіць рэферэндум. Ці вырашыла армянская рэвалюцыя?
  • Беларускія ўлады не ведаюць як разумець падзеі ў Ерэване. Інтэрв’ю з Уладам Вялічкам, генеральным дырэктарам міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь»;
  • Беларуская АЭС у Астраўцы. Чаму непатрэбная і што з гэтым рабіць?
Глядзі таксама
Каментары