Страшнае адкрыццё Васіля Быкава


Пятнаццаць гадоў як яго няма. У мастацтве ён не любіў нічога ўмоўнага. Таму, калі па творах Васіля Быкава рабілі драматычныя спектаклі, або яшчэ горш – балет, то на прэм’ерах пісьменнік адчуваў сябе няўтульна.

Быў неразборлівы ў музыцы, і з аднолькавай радасцю слухаў Брамса і Ханка.

У выяўленчым мастацтве лёгка ставіў знак роўнасці паміж вялікім графікам Арленам Кашкурэвічам і адыёзным жывапісцам Міхаілам Савіцкім, пра якіх пісаў сугучна-хваласпеўныя артыкулы. Увогуле, калі перачытваеш яго прадмовы, пасляслоўі, нарысы і рэцэнзіі, – то здзіўляешся з якім тактам, павагай (а, магчыма, часам, і ўнутранай абыякавасцю?) ён пісаў і пра па-сапраўднаму значных творцаў і пра такіх графаманаў, якім руку падаваць сорамна.

У адрозненні ад свайго сябра Аляксея Карпюка ён не быў канфліктным.

Яго творы, нягледзячы на тое, што патаналі ў цэнзурных праўках, а часам (як напрыклад аповесць «Мёртвым не баліць») мелі выразна антысавецкае гучанне, аднолькава любілі дысідэнты і партыйнае начальства.

Васіль Быкаў быў і застаецца ці не самым папулярным беларускім пісьменнікам за мяжой. А ў Расеі, напрыклад, яго настолькі любяць, што нават называюць (з нашай маўклівай згоды) класікам расейскай літаратуры. Адкуль такая ўсеагульная любоў? Уся справа ў тым, што ён у выратоўчы час хрушчоўскай адлігі змог поруч з Алесем Адамовічам, Віктарам Астафʼевым сказаць жывое слова пра Другую сусветную вайну? Што імкнуўся пазбягаць пафасу, усялякай дэкаратыўнасці, эстэтычнай і сэнсавай няпраўды? А яго рэзкая, спружыністая, поўная болю, поту, крыві проза ўспрымалася адначасова не толькі як факт сапраўднай, амаль дакументальнай праўды, але і захоплівала не горш вострасюжэтна-брутальных стужак Сэма Пэкінпа?

Мала, хто ў нашай краіне мог пісаць менавіта так.

Іван Шамякін цудоўна ператвараў перажытае на вайне ў займальную меладраму.

Аляксей Пысін арыгінальна пераасэнсоўваў свой ваенны вопыт, склаўшы цудоўныя, іранічна-сюрэальныя паэмы «Кавылек» і «Казерог».

Іван Чыгрынаў сышоў у нетры падсвядомасці, калі ствараў дзівосны раман-сон «Плач перапёлкі».

Васілю Быкаву аднолькава чужы кожны з гэтых творчых падыходаў.

Ён быў адным з тых нешматлікіх нашых пісьменнікаў, хто па новаму перажываючы ўвесь боль, страх, сорам і жах 40-х, імкнуўся ў кожным сваім творы цвяроза глядзець у твар вайны.

Тут ён быў максімальна шчыры.

Вонкава простая і зразумелая думка Васіля Быкава пра тое, што ў любой мясарубцы жывымі застаюцца, як правіла, толькі падонкі, а сапраўдныя героі гінуць, пры ўважлівым прачытанні, раскрывае страшную заканамернасць: свае на вайне больш страшныя, чым немцы!

Катам Сотнікава, як мы ведаем, зʼяўляецца яго таварыш Рыбак, сапраўдным дʼяблам для герояў аповесці «Мёртвым не баліць» сталі не дзясяткі нямецкіх танкаў, а смершавец Сахно, які быў гатовы кожнага расстраляць і адправіць у штрафбат.

Адзін з самых трагічных вобразаў у Васіля Быкава – гэта Маці з апавядання «Сваякі». Яе дзяцей (яны хацелі пайсці ў партызаны) расстраляў сваяк паліцай (у той час, як Маці хацела, каб сыноў проста папалохалі).

Чытайце таксама:

Гэтая быкаўская перасцярога і па сённяшні дзень для многіх застаецца страшным адкрыццём.

Сяргей Піліпчэня, belsat.eu

Стужка навінаў