Страляніна на Кальварыйскай


Сілавікі адкрылі агонь па людзях на Кальварыйскай. Паведамляецца, што стралялі людзі ў форме колеру хакі з мосту на вуліцы Кальварыйскай.

Унутраныя войскі стаяць з аўтаматамі. Адлегласць да пратэстоўцаў – каля 100 метраў. Частка людзей хаваецца ў ГЦ «Карона».

Няміга да зачысткі. Менск, Беларусь, 10 жніўня 2020 года. Фото: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Была страляніна паміж Пушкінскай і Кальварыйскай, людзей адціснулі, зараз ідуць да другога кальца. Мінакі кажуць, што каля метро «Фрунзенская» людзі аўтамабілямі перакрылі кальцо.

Нашыя журналісты паведамляюць пра 10 тысяч чалавек на Пушкінскай. Людзі будуюць барыкады з кветнікаў і падручных прадметаў.

Каля ст. м. «Пушкінская» тысячы людзей, каля гатэлю «Аўрора», на плошчы, у парках. Прыватныя машыны заблакавалі бліжэйшыя вуліцы. АМАП і аўтазакі не могуць нікуды ехаць.

Страляніна на Кальварыйскай. Фота belsat.eu

Паводле галоўнага рэдактара «Нашай Нівы», параненую журналістку Наталлю Лубнеўскую адвезлі ў шпіталь. Яна не адчувае нагі. Беларуская асацыяцыя журналістаў заяўляе, што на Кальварыйскай стралялі менавіта ў журналістаў.

Яшчэ адна гумовая куля зачапіла журналістку TUT.BY, ёй зрэзала бэйдж. Журналісты стаялі групай, былі апранутыя ў адмысловыя камізэлькі для прэсы.

Страляніна на Кальварыйскай. Фота belsat.eu

Людзі на Пушкінскай залезлі на аўтобусы, паведамляе «Еўрарадыё». Відавочца паведаміў belsat.eu, што на Пушкінскай гарыць тралейбус. Аднак паводле новай інфармацыі, гэта фаер.

Страляніна на Кальварыйскай. Фота belsat.eu

На скрыжаванні пр. Пушкіна і Прытыцкага шмат аўтаў, людзі са сцягамі. Вельмі даўгая чарга, аўты мінімальна рухаюцца, усе сігналяць, у тым ліку грузавікі. Калона прыкладна ў 100 чалавек ідзе ў бок вул. Прытыцкага.

Страляніна на Кальварыйскай. Фота belsat.eu

Telegram-каналы паведамляюць, што ў раёне Кальварыйскай чутны выбухі. Верагодна, сілавікі зноў выкарыстоўваюць святлошумавыя гранаты.

belsat.eu

Стужка навінаў