Страйкуюць усе! Як у Беларусі баставаць па закону?


Забастоўка – адзін з найбольш эфектыўных метадаў негвалтоўнага супраціву. Як працоўныя могуць выказваць свае патрабаванні і не парушаць закон?

Працоўнікі ААТ «Горадня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Гародня, Беларусь. 19 жніўня, 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Што пра страйкі кажа беларускае заканадаўства?

Забастоўка – гэта часовае прыпыненне працы з непалітычнымі патрабаваннямі. Адміністрацыя прадпрыемства не можа замяніць прэзідэнта – гэта не ў іхнай кампетэнцыі.

Права на забастоўку прапісанае нават у Канстытуцыі. Паводле арт. 41 Асноўнага закону Беларусі:

«Грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднанне ў прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) і права на забастоўку».

Аднак, паводле арт. 84 Канстытуцыі, асоба на пасадзе прэзідэнта мае права адкласці або прыпыніць правядзенне забастоўкі. Вядзецца пра выпадкі стварэння рэальнай пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

Парадак ажыццяўлення страйкаў прапісаны ў Працоўным кодэксе. Там у арт. 388 напісана, што забастоўка – гэта часовая добраахвотная адмова работнікаў ад выканання працоўных абавязкаў (цалкам або часткова) для рашэння калектыўнай працоўнай спрэчкі.

Забастоўку могуць перашкодзіць праводзіць у выпадку стыхійнага бедства, катастрофы, а таксама беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы. А паводле Канстытуцыі – уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі.

Кіраўнік страйкаму выступае перад рабочымі ААТ “Беларуськалій” на цэнтральнай плошчы Салігорска. 18 жніўня, 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Супярэчнасці

Менавіта ў парадку правядзення страйку ў Беларусі ёсць вялікія праблемы і супярэчнасці.

«Канстытуцыяй у нас прадугледжанае права на забастоўку, але Працоўны кодэкс рэгулюе парадак рэалізацыі. І менавіта парадак не адпавядае міжнародным стандартам і здароваму сэнсу. Згодна з Працоўным кодэксам у Беларусі перад страйкам мусіць быць працэдура, якая цягнецца 3 месяцы. Потым у працоўных ёсць два тыдні, каб паведаміць кіраўніцтву пра забастоўку. Толькі па заканчэнні гэтага тэрміну можна праводзіць сходы і забастоўкі. Навошта чакаць 3,5 месяцаы, каб нарэшце атрымаць легальнае права на забастоўку? Атрымліваецца, што ў нас норма Працоўнага кодэксу абмяжоўвае Асноўны закон. А гэта неправамерна», – кажа юрыст Аляксандр Жук.

Забастоўка звычайна выкарыстоўваецца як непалітычны інструмент. Аднак наўпроставай забароны высоўваць таксама і палітычныя патрабаванні няма. У такім разе гэта будзе трактавацца як меркаванне працаўнікоў. Галоўнае – не выстаўляць іх кіраўніцтву, бо ад яго амаль анічога не залежыць.

Працаўнікі ААТ «Горадня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Горадня, Беларусь. 19 жніўня, 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Контрзахады

Фармальна, калі чалавека няма на працы больш за 3 гадзіны, то яму можна скласці акт аб прагуле і звольніць на падставе акту за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Калі працоўны проста гуляе па тэрыторыі прадпрыемства, то гэта не лічыцца прагулам. А вось калі ён выйшаў за межы заводу, то гэта ўжо прагул. У любым разе, за невыкананне працоўных абавязкаў наймальнік можа даць вымову. Другая вымова цягне за сабою звальненне.

Працадаўца таксама мае рычагі ўплыву на працоўных. Напрыклад, праз прэміі, якія ў Беларусі часта складаюць ледзь не аклад або нават перавышаюць яго. На рукі працаўнік можа атрымаць у некалькі разоў менш грошай.

Людзі сабраліся каля МЗКЦ падтрымаць працоўных-страйкоўцаў. 19 жніўня, 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Іншы спосаб – мяняць умовы працы.Перастаўляць змены, пераводзіць на няпоўны працоўны дзень у аднабаковым парадку. Калі працаўнік не пагаджаецца на такія ўмовы, то наймальнік можа яго законна звольніць.

Як выглядае забастоўка на Менскім трактарным заводзе?

«Усе працоўныя знаходзяцца на сваіх працоўных месцах. Прыходзяць на працу, але нічога не робяць. Гэта так званая «італійская забастоўка». Найбольш актыўныя людзі ўзялі нават адпачынак за свой рахунак, каб не пачынаць працу легальна. Ім нават заблакавалі пропускі – няма як патрапіць на тэрыторыю заводу», – паведаміў «Белсату» Сяргей Дзілеўскі, удзельнік стачкому МТЗ.

Забастоўкі ў Беларусі

З 11 жніўня ў Беларусі перыядычна страйкуюць розныя дзяржаўныя прадпрыемствы. Пік адбыўся ў чацвер, 13 жніўня, калі на забастоўку выйшлі працоўныя жодзінскага БелАЗу. Пазней да іх далучыліся іншыя беларускія прамысловыя гіганты: МАЗ, МЗКЦ, МТЗ.

З 17 жніўня да ўсебеларускага страйку далучыліся «Беларуськалій», нафтавыя прадпрыемствы. У чацвер, 20 жніўня, стала вядома пра затрыманні некаторых актывістаў стачкаму «Беларуськалія».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў