Страйк заціхае? Гутарка з працаўніком трактарнага заводу

Забастоўкі на беларускіх заводах трываюць ужо больш за тыдзень. Замест саступак працаўнікам улада адказала моцным ціскам не толькі адміністрацыі, але і сілавікоў. Ад інжынеру МТЗ «Белсат» даведаўся, як адбываецца страйк і наколькі верагодная яго перамога.

Ля МТЗ натоўп сустракае работнікаў завода крыкамі «Малайцы!», «Дзякуй!», «Забастоўка». Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 г. Фота: Belsat.eu

Аляксандр працуе інжынерам-тэхнолагам на Менскім трактарным заводзе. Ягоная галіна адказнасці – тэхналагічныя працэсы. У забастоўцы не браў удзелу і тлумачыць, чаму:

«Да нашага цэху гэтая папера, дзе падпісваліся за ўдзел у страйку, нібыта не дайшла. Як і не дайшла іншая папера, ад кіраўніцтва, дзе было падкрэслена, што працаўнікі МТЗ не ўцягнутыя ў палітыку, а выступаюць за стабільную працу».

Паводле Аляксандра, на піку страйку ў ім бралі ўдзел каля 2 тысяч асобаў. Гэта адносна няшмат – агулам на МТЗ працуе 16 тысяч асобаў. Але цяпер страйк пакрысе сціхае – маўляў, адбіўся ціск адміністрацыі.

«Галоўны дырэктар казаў, што людзей не будуць звальняць. Маўляў, калі ласка, гэта вашыя правы. Арганізоўвайце страйкамы. Я нават пачаў спадзявацца на нешта. Але хутка людзей пачалі запалохваць звальненнем», – згадвае Аляксандр.

Ля МТЗ натоўп сустракае работнікаў завода крыкамі «Малайцы!», «Дзякуй!», «Забастоўка». Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 г. Фота: Belsat.eu

Як выглядаў страйк?

Працоўныя прыходзілі на свае месцы, але не запускалі вытворчасць. Удзельнічалі ў забастоўцы толькі два цэхі: кавальскі і механічны. Рэшта цэхаў працавала.

Усе пагрозы ад кіраўніцтва Аляксандр не бярэ да ўвагі.

«Яны могуць крыху папалохаць, але звальняць нікога не будуць. Усё-ткі гэта людзі, якія ведаюць сваю працу і знайсці ім замену будзе складана».

Калі гаворка зайшла пра палітычныя погляды працаўнікоў МТЗ, то Аляксандр падкрэсліў, што, паводле ягонага меркавання, большасць з іх галасавалі за Лукашэнку.

«Шмат людзей выступае за стабільнасць. Тут нармальныя заробкі, па Br 1000 яны маюць. Праца наладжаная, навошта ім нешта мяняць?».

«Наш фарпост – гэта першы руднік». Стачкам «Беларуськалію» думае над «іншай стратэгіяй»

Чаму рабочыя страйкуюць?

На МТЗ шмат апалітычных людзей, якія не цікавіліся падзеямі ў краіне. Але ёсць даволі высокі адсотак людзей актыўных. Пераважна гэта моладзь.

«Рабочыя абурыліся хлуснёю. Дый людзі стаміліся. 26 гадоў! Хочацца пабачыць нешта новае. Няхай яно будзе і дрэннае. А тых, хто страйкаваў, перадусім абурыў гвалт сілавікоў у першыя дні пасля выбараў».

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г. Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Чым усё скончыцца ў дзяржаве і на прадпрыемстве, Аляксандр не ведае.

«Хочацца, каб быў дыялог, як у Польшчы ў 80-ых гадах».

Аднак выглядае на тое, што пакуль гэта амаль не магчыма. Напрыклад, ужо на наступны дзень пасля стварэння Каардынацыйнай рады, супраць яе чальцоў распачалі крымінальную справу.

Шмат хто з прадстаўнікоў страйкамаў праз пераслед быў змушаны з’ехаць за мяжу, некаторыя патрапілі на содні паводле адміністрацыйнага кодэксу.

Рэпрэсіі супраць завадчанаў

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Hавiны