Стоўбцы. Прысуд агучаны – пытанні засталіся

Адбыўся суд па «стаўбцоўскай справе», якая ўзрушыла, напэўна, ўсю краіну. Навучэнец дзесятага класа Вадзім М. атрымаў максімальна магчымую ў ягоным узросце меру пакарання – 13 гадоў калоніі. Сёння яму 15 гадоў. Значыць, калі нават ён адбудзе ўвесь тэрмін, выйдзе дваццацівасьмігадовым моцным мужчынам. Будзе жыць далей.

Абвяшчэнне прысуду Вадзіму М. 11 верасня 2019 г.

Хтосьці скажа: «Лёгка абышлося».

Зусім не лёгка. Вадзім зламаў ўласнае жыццё. Ён не зможа атрымаць паўнацэнную адукацыю, нармальную, запатрабаваную прафесію і выйдзе на свабоду ў зусім іншай краіне. Бо гэта толькі здаецца, што ў нас нічога не мяняецца. Усё мяняецца, прычым на вачах. А вось ў калоніі час застывае, як застывае боль у вачах бацькоў забітага ім Сашы Р. і блізкіх забітай настаўніцы Марыны Пархімовіч. І гэта застылы час і стаў самай страшнай часткай вынесенага прысуду малалетняму забойцу.

Фота: Natalia Fedeosenko / TASS / Forum

Якія былі матывы забойства?

Але я цяпер не пра гэта. Суд быў закрытым. У поўнай адпаведнасці з законам. Правільна – што ў адпаведнасці з законам і, магчыма, правільна, што закон прадугледжвае менавіта такі парадак разгляду справаў у выпадку, калі гаворка можа ісці аб стане псіхічнага здароўя непаўналетняй асобы, якая ўчынiла злачынства. Аднак рэзананс быў занадта вялікім, каб грамадства не стала шукаць адказы на пытанні.

ВІДЭА
У Стоўбцах хаваюць ахвяраў нападу ў школе №2. ВІДЭА, ФОТА
2019.02.13 13:11

І самае галоўнае з гэтых пытанняў – чаму было здзейснена гэта страшнае двайное забойства? Якія былі яго матывы?

У выпадку з разнёй бензапілой ў сталічным гандлёвым цэнтры, як ні дзіўна, пытанняў не было. Усе сышліся на думцы аб тым, што злачынец – псіхічна ненармальны. Прычым, хутчэй за ўсё, так і было. І думка пра гэта супакоіла вельмі многіх: маўляў, вось адзін псіх схапіўся за бензапілу – іншым непанадна будзе. Не ўсе ж псіхі.

А ў дадзеным выпадку пытанне аб матывах засталося. Нішто ж не прадвесціла трагедыі.

Звяртаць увагу на ціхіх троечнікаў?

І як цяпер працаваць настаўнікам? Падазраваць у кожным дзесяцікласніку патэнцыйнага забойцу – без матываў? Быў бы вядомы матыў – стараліся б прадухіліць магчымы канфлікт, здымаць напругу, асабліва звяртаць увагу на ціхіх троечнікаў, якія могуць быць схільныя да выбуху эмоцый… А так?

Hавiны
Падлетка, які забіў вучня і настаўніцу ў стаўбцоўскай школе, прысудзілі да 13 гадоў калоніі
2019.09.11 16:12

Мне здаецца, у выпадку апеляцыі да вышэйстаячых судовых інстанцыяў мэтазгодна было б, каб хаця б Вярхоўны суд патлумачыў усім нам – у адмысловым прэс-рэлізе, ці што, – што менавіта адбылося ў Стоўбцах. Трэба развеяць непаразуменне, расставіць кропкі над «і». Прысуд бо кропкі не расставіў – ён толькі канстатаваў факт здзяйснення злачынства абвінавачаным і пазначыў меру пакарання. Не больш за тое.

Я не ведаю, як гэта можна зрабіць, не парушаючы закон. У дадзеным выпадку Валянціну Сукалу [старшыня Вярхоўнага суда. – Belsat.eu] відавочна лепш відаць. Але – паўтаруся, мне здаецца, – зрабіць гэта трэба.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў