Стольтэнбэрг: Расея выкарыстоўвае «шчыліны», каб звесці да мінімуму колькасць назіральнікаў NATO на вучэннях «Захад-2017»


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што Расея і Беларусь не выканалі сваіх міжнародных абавязанняў абсалютнай празрыстасці сумесных вайсковых вучэнняў, запланаваных на верасень у Беларусі.

У інтэрвʼю Associated Press у Варшаве 24 жніўня Стольтэнбэрг адзначыў, што Расея выкарыстоўвае «шчыліны», каб звесці да мінімуму колькасць супрацоўнікаў NATO, якім дазволена назіраць за вучэннямі.

Беларусь запрасіла NATO накіраваць на беларуска-расейскія манеўры дваіх назіральнікаў. На думку Стольтэнбэрга, гэтага недастаткова, каб маніторыць ход вучэнняў.

Запрашэнне прадугледжвае, што прадстаўнікі NATO могуць назіраць за вучэннямі ў спецыяльна адведзеныя пяць дзён для наведнікаў. З боку Расеі запрашэнне прыйшло толькі на адзін дзень, і ў Альянсе пакуль вывучаюць гэтую прапанову.

«NATO рэгулярна запрашае Расею на свае вучэнні з мэтай умацавання даверу, але Расея ніколі з моманту заканчэння халоднай вайны не запрасіла ніводнага саюзніка NATO назіраць за любымі са сваіх вучэнняў», – дадаў ён.

Беларусь запрасіла на вучэнні «Захад-2017» назіральнікаў з сямі краін і шасці міжнародных арганізацыяў. Аляксандр Лукашэнка запрасіў на іх назіральнікаў NATO яшчэ 20 сакавіка пасля выказанага недаверу наконт празрыстасці вучэнняў з боку дыпламатаў і чыноўнікаў суседніх краін. Кіраўнік Беларусі не раз заяўляў, што сумесныя вайсковыя вучэнні адкрытыя.

ДР belsat.eu паводле rferl.org

Стужка навінаў