Колькі рэканструкцыя «Дынама» каштавала на самой справе


Стадыён «Дынама» пасля рэканструкцыі. Фота – з «Інстаграму» Максіма Марданава

Падчас рэканструкцыі менскага стадыёна «Дынама» гучалі розныя сумы, у якія абыдуцца гэтыя працы. У розныя гады казалі пра лічбы ад 130 да 200 мільёнаў долараў. Журналістам Tut.by стала вядома, колькі на самой справе выдаткавалі на аб’ект.

Паводле інвестыцыйнай праграмы Менску на 2019 год, каштарыс працаў складае амаль Br 320,2 млн (каля $ 148,4 млн паводле сённяшняга курсу). На 1 студзеня 2019 года ў асноўны капітал укладзена Br 316,2 млн інвестыцыяў (каля $ 146,6 млн). Рэшту – амаль Br Br 4 млн – магчыма, яшчэ выдаткуюць.

Стадыён «Дынама» ўлетку 2018 года. Фота – «Белсат»

Такім чынам, «Дынама» аказаўся ў два разы даражэйшым за венскі стадыён «Альянс», які змяшчае на шэсць тысячаў гледачоў болей (каштаваў $ 60 млн).

Адмыслоўцы тлумачаць, што завышанаму кошту менскага стадыёну паспрыялі некалькі чыннікаў. Па-першае, арэну вырашылі будаваць з захаваннем арыгінальнага муру, што значна ўскладніла работы. Па-другое, кошт узвінціла жаданне чыноўнікаў рабіць працы выключна сіламі беларускіх кампаніяў. У выніку, адхілілі больш танныя прапановы нямецкіх і вугорскіх праектантаў і аддалі працу «Менскпраекту».

Эканамічны аглядальнік «Белсату» звяртае ўвагу на распіл грошай падчас будоўлі: гэтак, флагштокі для стадыёну набылі па $ 20 тысячаў за штуку – гэта мінімум у чатыры разы даражэй сусветнага кошту.

3 кастрычніка 2018 года. Гулец футбольнага клубу «ПАОК» Хасэ Канас на стадыёне «Дынама» перад матчам супраць БАТЭ. Фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Рэканструкцыя стадыёна «Дынама» пачалася ў 2012 годзе і скончылася ў 2018-ым. За гэты час праект зведаў шэраг змен і ў выніку стаў галоўнай лёгкаатлетычнай арэнай краіны з магчымасцю праводзіць сурʼёзныя футбольныя матчы, таму што абʼект мае чацвёртую катэгорыю УЕФА.

У Менску адкрываюць стадыён «Дынама». Цікавыя факты пра арэну

Практычна ўсе работы па рэканструкцыі стадыёна фінансаваліся за кошт бюджэту Менску. У чэрвені 2019 года «Дынама» стане галоўнай пляцоўкай для правядзення Еўрапейскіх гульняў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары