Стэфановіч: Паводзіны ўладаў Беларусі ў справе Амрыева – ганебныя


Праваабаронцы лічаць абуральнымі паводзіны беларускіх уладаў у справе чачэнскага спартоўца Мурада Амрыева, якога сёння ноччу перадалі Расеі.

«Паводзіны ўладаў Беларусі ў справе Амрыева – ганебныя, – кажа ў інтэрвʼю «Белсату» намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, – Цяпер адказнасць за далейшы лёс гэтага чалавека ляжыць на беларускіх уладах. У тым ліку – на органах пракуратуры, якая абавязана назіраць за законнасцю ў нашай краіне. Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных відах абыходжання наўпрост забараняе дзяржавам-удзельнікам выдаваць якую-небудзь асобу дзяржаве, калі ёсць падставы меркаваць, што ў ёй можа пагражаць катаванне. Беларусь, нагадаю, зʼяўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі і яна мусіць кіравацца яе патрабаваннямі. Тым больш, што такія ж патрабаванні ёсць і ў нацыянальным заканадаўстве – у прыватнасці, у законе, які рэгулюе прадстаўленне статусу ўцекачоў у Беларусі.

Тое, што ў Чачні выкарыстоўваюцца катаванні – гэта факт. За гэта Расею (бо Чачня гэта ўсё ж субʼект Расейскай Федэрацыі, хоць гэта ўжо і сумнеўна) падвяргаюць крытыцы. Амрыева выдалі туды, дзе выкарыстоўваюцца катаванні, дзе выкрадаюць і забіваюць праваабаронцаў, дзе пераследуюць людзей за іх сексуальную арыентацыю, дзе ёсць відавочная пагроза яго жыццю. Гэта проста абуральна».

Стэфановіч падкрэслівае, што застаецца незразумелым, у межах якой юрыдычнай працэдуры беларускія міліцыянты перадалі Амрыева Расеі.

«Амрыеў быў затрыманы і незразумела ў якіх працэдурах перададзены расейскаму боку. Сёння Генпракуратура заявіла, што гэта не была працэдура экстрадыцыі. Тады ўзнікае пытанне: а што гэта было? Праз якія працэдуры вы перадалі прадстаўнікам спецслужбаў суседняй краіны гэтага грамадзяніна, калі гэта не экстрадыцыя, калі гэта адбывалася не ў межах крымінальнага пераследу? Што гэта тады было – выкраданне? Чалавека затрымалі, да яго не дапусцілі беларускага адваката (то бок добрушскія міліцыянты супрацьдзейнічалі аказанню прававой дапамогі, якая гарантавана Канстытуцыяй Беларусі ў тым ліку замежным грамадзянам), яму не далі магчымасці напісаць заяву ад прадстаўленні статуса палітычнага ўцекача. На яго проста апранулі кайданкі і вывезлі ў Расею, дзе відавочна ён будзе перададзены людзям Кадырава ў Чачню – на тэрыторыю, дзе не дзейнічаюць законы Расейскай Федэрацыі, а дзейнічаюць нейкія сярэднявечныя паняцці».

У 2013 годзе Амрыеў паведамляў праваабаронцам, што яго скралі і катавалі чачэнскія сілавікі. Праваабаронцы паведамлялі, што Амрыева выкралі, каб прымусіць ягонага старэйшага брата вярнуцца ў Чачэнію з Нямеччыны.

Раніцай 8 чэрвеня Мурада Амрыева затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце «Весялоўка». Адтуль яго даставілі ў пастарунак у Добрушы.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў