Стэфан Эрыксан беларусам: Трэба ганарыцца тым, што маеце, а маеце шмат цікавага (ВІДЭА)


У інтэрвʼю «Белсату» былы амбасадар Швецыі ў Беларусі распавёў пра ўлюбёную кнігу Святланы Алексіевіч і любоў да пісьменніцы ў скандынаўскай краіне.

«Белсат»: Спадар Стэфан, мы сустракаемся з вамі ў гэтым выбітным месцы, дзе знаходзяцца амаль усе нобэлеўскія лаўрэаты. Ці вы адчуваеце, што для вас гэта крыху як укаранаванне вашай шматгадовай працы на карысць Беларусі?

Стэфан Эрыксан: Я, мабыць, не казаў бы, што гэта ўкаранаванне маёй працы. Я лічу, што гэта, перш за ўсё, укаранаванне працы Святланы Алексіевіч. Канешне, для мяне асабіста гэта таксама вельмі радасная падзея, што Шведская акадэмія ўзнагародзіла Святлану гэтай прэміяй. Канешне, гэта повад цешыцца для мяне асабіста. Але больш, я думаю, для Святланы і для ўсёй Беларусі.

«Белсат»: Як вы лічыце, пасля гэтага такога сімвалічнага Нобэля для беларускай пісьменніцы, як выглядаюць зараз шведска-беларускія культурныя адносіны? Мы ведаем, што ў палітыцы ў нас, хутчэй, «зіма».

Стэфан Эрыксан: Я зараз крыху на адлегласці сачу і бачу, што культурныя стасункі развіваюцца. Нядаўна глядзеў, што прыязджала да вас нашая дзіцячая пісьменніца Юя Вісландэр. Ведаю, што іншыя таксама. Ёсць шмат цікаўнасці з беларускага боку да шведскай культуры, і таксама наадварот.

«Белсат»: Вашае адчуванне: што свет даведаецца пра Беларусь з твораў Святланы Алексіевіч?

Стэфан Эрыксан: Я дума, што, перш за ўсё, ідзе сігнал, што ёсць Беларусь. Пісьменніца з гэтай краіны атрымала такую прэмію. Канешне, Святлана піша пра цяжкія рэчы, праз якія прайшла Беларусь. Але само жыццё бывае рознае. Я б не казаў, што тыя рэчы не станоўчыя, усё ж такі заўжды ў кнігах Святланы Алексіевіч ёсць надзея. У самых цяжкіх сітуацыях людзей застаецца нешта чалавечнае, гуманістычнае.

Чаму шведы так любяць Святлану? Яна была вядомая тут і да прысуджэння прэміі. Я думаю, што вось гэтая яе здольнасць убачыць звычайнага чалавека кранае ўсіх.

Канешне, яна піша пра тое, што адбылося ў былым Савецкім саюзе. Але гэта вельмі важна і актуальна і для нас. Шмат людзей у Швецыі, калі даведаліся пра прысуджэнне прэміі менавіта спадарыні Святлане, уцешыліся.

«Белсат»: А які вас улюбёны твор Святланы Алексіевіч?

Стэфан Эрыксан: Усё ж такі больш апошнія творы. Падабаюцца і іншыя. Але апошняя кніга, якую чытаў – «Час second-hand». Месцамі чытаецца няпроста, бо чытаеш пра людзей, з якімі, ці з падобнымі, ужо сустракаўся. Бывае цяжка вось гэтых людзей слухаць. Але ўсё роўна гэта нешта дае чалавеку. Крыху тлумачыць, чаму людзі прыходзяць да пэўнай пазіцыі, чаму яны не могуць прыняць іншыя пазіцыі.

«Белсат»: Як думаеце, што павінны зрабіць мы, беларусы, і таксама сама Святлана Алексіевіч, каб напоўніцу скарыстаць з гэтага Нобэля, з гэтага шанцу?

Стэфан Эрыксан: Думаю, трэба паважаць сваё. І сапраўды шчыра цешыцца таму, што беларуска атрымала гэтую прэмію. Як я бачу, большасць людзей сапраўды гэтаму цешыцца. Гэта прызнанне Святланы Алексіевіч, але і прызнанне самой краіны.

Трэба ганарыцца тым, што вы маеце. Маеце шмат цікавага акрамя Святланы Алексіевіч. Шмат няпростага ў гісторыі Беларусі. Але трэба ўсім гэтым ганарыцца і не саромецца. І ў стасунках з астатнім светам пра сябе распавядаць.

Інтэрв’ю было паказанае ў эфіры праграмы «Прасвет», апошняе выданне якой прапануем вашай увазе:

Стужка навінаў