«Стаю і не ведаю, атрымае дачка перадачу ці не». Дзень перадачаў у магілёўскім ізалятары


У магілёўскі ізалятар часовага ўтрымання 14 і 18 лістапада перавялі прыблізна 250 арыштаваных з Жодзіна ды Менску. Пасля двух этапаў у ізалятары змяніліся правілы: перадачы перасталі прымаць штодзень, як гэта было раней, прызначыўшы для працэдуры толькі чацвер. 19 лістапада беларусы з розных гарадоў сабраліся ля сценаў магілёўскага ізалятару, каб перадаць сваім родным неабходнае.

Дзень перадачаў у Магілёве.
Фота: Вольга Васільева, «Белсат»

Увесь працэс пад свой кантроль узялі валанцёры: хто яны, адкуль – невядома, бо «Белсату» ў каментары яны адмовілі. На якіх падставах гэтыя валанцёры абмяжоўваюць журналістаў у іхных правах, няясна. Але факт застаецца фактам: валанцёры каля ІЧУ ў Магілёве забаранялі «Белсату» рабіць фота і відэа.

Hавiны
100 дзён беларускага пратэсту. Памятаць усё
2020.11.16 08:00

Са сваім беспасярэднім заданнем – арганізацыяй працэсу – валанцёры справіліся добра. Спачатку кожны, хто прыйшоў зрабіць перадачу, павінен быў атрымаць нумар у чарзе. Далей падысці да валанцёра, каб той ацаніў усе рэчы ды вызначыў, ці ўсё з іх можна перадаваць. І толькі пасля гэтага людзі маглі стаць у чаргу на перадачу.

Спадарыня Галіна з Менску прыехала да сваёй дачкі Арыны. Тая 6 лістапада з дзяўчатамі пайшла ў сквер папіць гарбаты і не вярнулася. Там іх затрымалі і адвезлі на Акрэсціна. На судзе сведка ў балаклаве казаў, што дзяўчаты выкрыквалі лозунгі. Арыне прысудзілі 15 содняў і адправілі ў Жодзіна, а пасля быў другі суд і чарговыя 15 содняў.

Акт перадачы.
Фота: Вольга Васільева, «Белсат»

«Я ездзіла ў Жодзіна і нібыта перадала перадачу. Але сукамерніца дачкі сказала, што Арына перадачу не атрымала. Вось цяпер стаю і не ведаю, атрымае яна маю перадачу гэтым разам ці не. У яе нічога няма з моманту затрымання 6 лістапада. Я спадзяюся, што ў Магілёве будзе ўсё лепей і чалавечней. Бо ў прынцыпе ўсё бесчалавечна», – пракаментавала жанчына.

Парады
«Можна пісаць сабе лісты з будучыні, дзе мы перамаглі». Топ-7 парадаў, як выжыць на соднях
2020.11.17 10:18

На думку спадарыні Галіны, ува ўсёй сітуацыі ёсць толькі адзін добры момант: гэтыя рэпрэсіі аб’ядналі нацыю, аб’ядналі беларусаў. Галіна кажа, што гэта заўважылі нават сваякі з Расеі, якія цяпер ганарацца, што яны беларусы.


Нумары ў чарзе людзі запісваюць на руках.
Фота: Вольга Васільева, «Белсат»

Сапраўды, беларусы моцна дапамагаюць адно аднаму. Нават у гэтай чарзе ў ізалятар. Неабыякавыя грамадзяне прынеслі бутэрбродаў, гарбаты, печыва – усё, каб людзі адчувалі сябе добра, пакуль стаяць на холадзе. У тэлеграм-чаце «Могилёв Задержанные» людзі таксама прапануюць дапамогу: падвезці, пераначаваць і нават сустрэць пасля содняў – вядома, што ўсё задарма.

Некаторыя стаяць у чарзе не для сябе. Жыхар Магілёва Алег Дзьячкоў заняў месца адразу дзвюм мянчукам: маці музыкі Паўла Аракеляна і жонцы музыкі з гурта «Рэха» Леаніда Паўлёнка.

Людзі прыехалі перадаць перадачы з розных гарадоў Беларусі.
Фота: Вольга Васільева, «Белсат»

«Мы прыехалі з Менску перадаць рэчы майму мужу Дзянісу Готу. Яму тут сядзець яшчэ да 26 лістапада. Я думаю, што так масава арыштоўваюць, каб запужаць, каб ніхто больш не выходзіў. Але мне здаецца, гэта выклікае адваротны эфект», – сказала мянчанка Настасся.

Hавiны
КоАП перапісваюць пад пратэсты: зʼявяцца новыя пакаранні і вялізарныя штрафы
2020.10.31 10:55

Дзяніса Готу затрымалі 1 лістапада і далі 25 содняў паводле двух артыкулаў – 23.34 і 23.4 КаАП. На судзе ў Дзяніса сведка, які яго затрымліваў, нічога не мог патлумачыць, маўляў, усё забыў. Спачатку Дзяніс быў на Акрэсціна, адтуль яго перавезлі ў Жодзіна і цяпер у Магілёў.

Толькі да абеду ў магілёўскі ізалятар паспелі прыняць больш за 70 перадачаў. Значная частка этапаваных у Магілёў з Жодзіна выйдзе на волю 22 і 23 лістапада.

Вольга Васільева, «Белсат»

Стужка навінаў