Стаўка рэфінансавання змяншацца не будзе, прынамсі ў бліжэйшыя тры гады


Пра тое, што існая стаўка рэфінансавання будзе захавана на тым жа самым узроўні на працягу прынамсі бліжэйшых трох гадоў, ускосна распавёў начальнік упраўлення эканамічнага аналізу Нацбанку Андрэй Кацегаў.

Супрацоўнік Нацбанку канкрэтызаваў: высокая верагоднасць, што стаўка рэфінансавання захаваецца да канца года на адзнацы 10 % гадавых, паведамляе сайт banki24.by. Падобныя выказванні тыдзень таму агучыў намеснік старшыні праўлення Нацбанку Сяргей Калечыц.

На сёння калідор ставак Нацбанку складае: 8 % – стаўкі па аперацыях выключэння ліквіднасці, 10 % – стаўка рэфінансавання і 11,5 % – стаўкі па аперацыях падтрымання ліквіднасці.

З улікам сярэднетэрміновых планаў Нацбанку па абмежаванні інфляцыі да 4 %, стаўка рэфінансавання да 2021 года наўрад ці ўпадзе ніжэй за 9%. Калі ўжо праз 3 гады стаўка рэфінансавання знізіцца ўсяго да адзін адсотак, то ў бягучым годзе самым лепшым варыянтам будзе яе не падвышэнне. Тым больш, што ў эканоміцы адбываюцца непрыемныя для ўладаў працэсы.

Паводле інфармацыі, агучанай іншым намеснікам старшыні праўлення НБРБ – Сяргеем Калечыцам, у чацвёртым квартале 2018 году ўпершыню за 2 гады стаў станоўчым крэдытны разрыў. Перавышэнне пэўнага парогавага значэння крэдытнага разрыву лічыцца прадвеснікам банкаўскага крызісу.

Кіраўнік дзяржавы па-ранейшаму патрабуе ад чыноўнікаў 4 % росту ВУП, тады як рэальна з эканомікі можна выціснуць толькі 1-2 %. Большыя тэмпы росту можна забяспечыць толькі напампоўкай грашыма. Але ў выніку эфект ад гэтага будзе вельмі кароткім і за штучным выбухам адразу ж пачнецца крызіс і глыбокі спад.

Hавiны
На дно следам за Расеяй? Што чакае беларускі рубель у 2019 годзе
2018.12.20 13:56

СК, belsat.eu

Стужка навінаў