Стаў вядомы талісман Чэмпіянату па хакеі, які пройдзе ў Беларусі і Латвіі


Талісман Чэмпіянату свету па хакеі 2021 года – Вожык Спайкі (з ангельскай – Калючы). Прэсавыя матэрыялы «Hockey.by»

Талісман Чэмпіянату свету па хакеі 2021 года прадставілі ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі 24 лютага. Ім стаў Вожык Спайкі.

На званне сімвала турніру прэтэндавала больш за 100 працаў ад прадстаўнікоў Беларусі і Латвіі. Заяўкі на ўдзел у конкурсе дасылалі як прафесіянальныя дызайнеры, гэтак і аматары хакея.

Пераможцу абірала журы, у які з беларускага боку ўвайшлі хакеіст Міхаіл Грабоўскі, біятланістка Дар’я Домрачава, гумарыст Андрэй Скараход, саліст групы «Бі-2» Шура, баец у змяшаных адзінаборствах Андрэй Арлоўскі «Пітбуль», фрыстайлістка Ганна Гуськова, генеральны дырэктар «Беларусьфільму» Уладзімір Карачэўскі ды старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Генадзь Савілаў, а з латвійскага – прэзідэнт Федэрацыі хакея Латвіі Айгарс Калвіціс, тэлевядоўцы Армандс Сімсанс і Айвіс Цэрыньш, кіраўнік аргкамітэту турніру ў Латвіі Эдгарс Бунціс, гітарыст гурта «Brainstorm» Яніс Юбалтс, спявак Інтарс Бусуліс ды выканаўчы дырэктар мабільнага аператара «Bite Latvija» Каспарс Булс.

Арганізатары заснавалі таксама прыз глядацкіх сімпатыяў. Беларусы абіралі найлепшы варыянт на старонцы ФХБ, латышы – у адным з гандлёвых цэнтраў Рыгі.

Уладальнікамі ўзнагароды глядацкіх сімпатыяў у Беларусі сталі Дзмітрый Галіноўскі і Павел Марчанка рэкламнага агенцтва «AIDA Pioneer», якія прапанавалі ідэю Хрушча Майса. Другое месца занялі Ганна Новік, Мікіта Усціновіч і Анастасія Максімавіч з крэатыўнага агенцтва DAB, якія распрацавалі канцэпцыю Янота Гулякі.

У латвійскім галасаванні прыз глядацкіх сімпатыяў атрымаў Вожык дызайнера Яніса Бурмейстэрса.

Меркаванне прафесійнага журы шмат у чым супала з меркаваннем грамадскасці. Першае месца заваяваў ўсё той жа Янот Гуляка, другім стаў Вожык, трэцім – Янот Рымі аўтарства Марыі Мухінай і Таццяны Шварцкопф з «AIDA Pioneer».

Дзмітрый Галіноўскі, аўтар аднаго з найбольш папулярных у інтэрнэце варыянтаў талісману – Хрушча – тлумачыў сваю ідэю тым, што чэмпіянат праходзіць у траўні, а Беларусь і Латвію ў гэтым месяцы звязваюць хрушчы. Прэсавыя матэрыялы «Hockey.by»

Розніца ў выніках галасвання была настолькі невялікай, што арганізатары вырашылі спалучыць дзве першыя ідэі са спасылкай на тое, што вожык – адзін з найбольш папулярных персанажаў у міфалогіі абедзвюх краінаў.

Дапрацаваць вобраз прапанавалі агенцтву, якое атрымала першае месца. Вынікам стаў Вожык Спайкі.

«Маскот чэмпіянату свету стане сімвалам Беларусі і Латвіі, сімвалам хакею, таму мы шукалі агульнае, стваралі гісторыю, укладвалі ў персанажа баявы характар, – распавёў дырэктар агенцтва DAB Мікіта Усціновіч. – Вобраз вожыка вельмі добра падыходзіць для абедзвюх нашых зборных – працавітыя, хуткія, спрытныя, здольныя ў патрэбны момант даць адпор на спартовай арэне».

  • Гаспадарамі Чэмпіянату свету па хакеі 2021 года Менск і Рыга сталі па выніках кангрэсу Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай у Кёльне ў 2017-м, дзе беларуска-латышская пара перамагла заяўку Фінляндыі.
Hавiны
Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь і Латвія арганізуюць «лепшы» чэмпіянат свету па хакеі
2020.01.04 14:36

ДД belsat.eu

Стужка навінаў