Стаў вядомы лёс затрыманых учора валанцёраў гарадзенскай каманды Ціханоўскай


Фота Вольгі Каракінай з профілю ў ТГ

4 чэрвеня пасля 16 гадзіны міліцыянты затрымалі гарадзенскую валанцёрку каманды Святланы Ціханоўскай Вольгу Каракіну і павезлі яе дамоў на вобшук.

«Забралі з працы і не казалі куды вязуць. Аўтамабіль быў без нумароў. Забралі ўсю тэхніку, што была ўдома – 2 планшэты, тэлефон, грошы, банкаўскую картку, ключы ад кватэры», – распавяла Вольга.

Фармальнай прычынай вобшуку стала сумеснае пражыванне Вольгі разам са Змітром Фурманавым – каардынатарам кампаніі Святланы Ціханоўскай. Змітра затрымалі міліцыянты яшчэ 29 траўня, адразу пасля правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага ў Горадні. Усе следчыя дзеянні ў дачыненні да Змітра Фурманава запланаваныя на 8 чэрвеня.

Лёс другога валанцёра з гарадзенскай каманды Святланы Ціханоўскай – Уладзіміра Кнігі – невядомы. Яго затрымалі 4 чэрвеня, пад час выстаўлення пікету. Сёння стала вядома, што ён таксама праходзіць паводле артыкулу 364 КК РБ «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў». Караюць за гэта арыштам або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці гадоў».

5 чэрвеня ў Лідзе быў затрыманы яшчэ адзін сябар гарадзенскай каманды Ціханоўскай – Уладзімір Арцыман. На дадзены момант яго лёс невядомы.

Нагадаем, што 29 траўня на пікеце ў Горадні быў затрыманы старшыня ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі. Зараз ён знаходзіцца ў менскім СІЗА і абвінавачваецца ў прычыненні гвалту ў дачыненні да міліцыянта.

АК, Belsat.eu

Стужка навінаў