Статыстыка: колькі беларусы выдаткуюць на святкаванне Новага 2019 году


Каб адсвяткаваць новы 2019 год, сярэднестатыстычнаму беларусу трэба 649 рублёў. Пры гэтым у сталіцы навагоднія выдаткі павялічваюцца да 767 рублёў, а жыхарам меншых гарадоў хопіць і 564 рублёў.

Такія лічбы паказалі вынікі апытання, праведзенага аналітыкамі кампаніі Picodi.com. Грошы беларусы гатовыя патраціць на падарункі родным і блізкім, на навагодні стол або вечарыну, а таксама на святочную вопратку. Адметна, што жыхары вялікіх гарадоў гатовыя выдаткаваць на вопратку больш грошай.

Беларусы шчодрыя на падарункі

Каб адчуць сябе дзедам Марозам, сярэднестатыстычны беларус выдаткуе на падарункі ў гэтым годзе 234 рубля. Часцей за ўсё падарункі дораць сваякам і сябрам. 15 % рэспандэнтаў Picodi адказалі, што гатовыя ахвяраваць пэўную суму людзям, якія жывуць у нястачы або прыняць удзел у навагодняй дабрачыннай акцыі.

42 % апытаных выдаткуюць на падарункі да 100 рублёў (гэты адказ аказаўся найбольш папулярным), толькі 4,8 % рэспандэнтаў гатовыя выдаткаваць больш за 1000 руб.

Самым жаданым падарункам у рэйтынгу апынулася электроніка. Гэты адказ увайшоў у топ-4 як сярод мужчын, так і жанчынаў з вялікіх і сярэдніх гарадоў. Для жыхароў малых гарадоў і вёсак найбольш прывабнай апынулася вопратка або святочны тур, ці падарожжа. У топе таксама грошы і іх своеасаблівы эквівалент – падарункавыя карты з пэўным наміналам. Такія карты ўвайшлі ў топ-7 падарункаў, якія фактычна дорацца пад Новы год. І ўсё гэта дзякуючы 7 % беларусаў, якія загадзя наўпрост пытаюцца сваіх блізкіх, што тыя хацелі б атрымаць у падарунак.

У распараджэнні Picodi.com таксама ёсць рэйтынг падарункаў, якія беларусы не хацелі б знайсці пад ялінкай: паштоўкі, алкаголь, цацкі або цукеркі лепш адкласці для іншых выпадкаў.

Святочнае меню

На святочны стол жыхары Беларусі ў адыходзячым годзе гатовыя выдаткаваць у сярэднім 240 рублёў. Пры гэтым 66 % правядзе свята ў сваім доме, 23 % – у гасцях у сяброў або родных і толькі 8 % гатовыя пайсці на арганізаваную платную вечарыну. 60 % апытаных гатовыя ўкласці ў навагодні стол ад 100 да 300 рублёў.

Значна адрозніваюцца дадзеныя жыхароў Менску, ад дадзеных з абласных цэнтраў і маленькіх гарадоў і вёсак. У сталіцы ў сярэднім гатовыя выдаткаваць 296 рублёў на традыцыйныя мандарыны, шампанскае і смачныя салаты. У Берасці, Віцебску, Гомлі, Горадні і Магілёве гэтая сума складзе да 220 рублёў. У глыбінцы гатовыя выдаткаваць на прадукты не больш за 160 руб.

Навагодні вобраз

175 рублёў гатовыя выдаткаваць беларусы на навагодні вобраз і вопратку. Пры гэтым варта адзначыць, што 44 % апытаных наагул не плануюць абнаўляць гардэроб да вечарыны, невялікі тэматычны аксесуар набудуць 30 %, а вось прыхільнікаў эстэтыкі «ў Новы год – толькі ў новых рэчах» апынулася 26 %. Статыстыка паказвае, што менчукі гатовыя прадумаць новы вобраз да вечарынцы за 237 рублёў, а жыхары правінцыі ўсяго 126 рублёў.

Hавiны
Каляды і Новы год з «Белсатам»: святочная тэлепраграма
2018.12.18 08:00

СК, belsat.eu

Стужка навінаў