Статыстычная анамалія: экспарт вугалю з Беларусі ва Украіну за год вырас больш чым у 980 разоў


Як паведамляе Белстат, Беларусь усяго за год пераўтварылася ў буйнога экспарцёра вугалю: у 2018 годзе ў параўнанні з 2017-м агульныя аб’ёмы экспарту каменнага вугалю выраслі са 164,9 тысячы тон да 853,9 тыс., а антрацыту з 0,3 да 107,3 тысячы тон. Гэта пры тым, што радовішчаў гэтых карысных выкапняў у Беларусі няма.

Гэтак у 2018 годзе экспарт каменнага вугалю ва Украіну склаў 588,5 тыс. тон, што амаль у 981 разоў больш чым у 2017 годзе (толькі 0,6 тыс. тон). Агулам выкапняў ва Украіну экспартавалі на $50,3 млн. Яшчэ 265,4 тыс. тон вугалю пайшлі ў ЕЗ.

Экспарт антрацыту ва Украіну склаў летась 102,2 тыс. тон (на суму $ 8,8 млн), што амаль у 340,5 разоў больш чым у 2017 годзе (0,3 тыс. тон).

На парадаксальныя лічбы звярнула ўвагу беларуская служба «Радыё Свабода». Пры гэтым ва ўкраінскай статыстыцы беларускага вугалю няма. Паводле інфармацыі Дзяржаўнай службы статыстыкі Украіны, у 2018 годзе ўкраінскія кампаніі набывалі каменны вугаль у краінах ЕЗ, Афрыкі і Амерыкі, а таксама толькі ў трох краінах СНД – Казахстане, Малдове і Расеі.

У Міністэрстве энергетыкі Беларусі заявілі «Радыё Свабода», што не працуюць з вугалем, бо ў ведамстве «няма вугальных станцыяў няма і няма магутнасцяў, якія працуюць на вугалі».

  • У траўні 2017 года тагачасны лідар групоўкі ЛНР Ігар Платніцкі заявіў у інтэрв’ю выданню «Известия», што самаабвешчаная рэспубліка вядзе перамовы з Беларуссю аб пастаўках вугалю. Амаль адразу тагачасны віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка ў размове з журналістамі зняпраўдзіў інфармацыю аб набыцці вугалю з ЛНР.
  • Тым часам начальнік аддзелу вытворчасці і перспектыўнага развіцця вугальнай галіны Міністэрства паліва, энергетыкі і вугальнай прамысловасці ЛНР Віктар Ткачэнка ў інтэрв’ю «Белсату» ў 2017 годзе сцвярджаў: «Безумоўна, Беларусь набывае ў нас вугаль. Праўда, на дадзены момант фінансавых адносінаў з беларускімі дзяржаўнымі структурамі ў ЛНР няма. Мы знаходзімся на стадыі перамоваў з афіцыйным Менскам, канчатковае рашэнне толькі прымаецца. А вось прыватныя фірмы з Беларусі ўжо неаднаразова набывалі ў ЛНР партыі прадукцыі: вугалю, антрацыту».
  • У кастрычніку 2017 года польскае выданне Dziennik Gazeta Prawna паведаміла, што ў Польшчу праз Расею па падробленых сертыфікатах трапляе антрацыт з падкантрольных ЛНР тэрыторыяў Данбасу. Прыбытак пры гэтым ідзе ў кішэнь кіраўніку баевікоў Ігару Платніцкаму. Экспартавала вугаль у Польшчу фірма Doncoaltrade, зарэгістраваная ў горадзе Катовіцэ ў 2012 годзе. Яе старшынёй і асноўным акцыянерам значыцца Аляксандр Мельнічук – былы намеснік міністра энергетыкі і вугальнай прамысловасці луганскіх сепаратыстаў, сцвярджала Dziennik Gazeta Prawna. Польскія ўлады тады пацвердзілі факты, выкладзеныя ў СМІ, але запэўнілі, што будуць прынятыя ўсе меры, каб незаконныя пастаўкі спыніліся.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў