«Статус-кво радыкальна зменены». Эксперт – пра выклікі і перспектывы ўкраінскай царквы


6 студзеня ва Украіне ў выніку атрымання Томасу аб аўтакефаліі ад Канстанцінопальскага патрыярхату канчаткова паўстала незалежная праваслаўная царква, якую заснавалі падчас сабору ў Кіеве 15 снежня мінулага года.

Hавiны
Праваслаўнай царкве Украіны ўручылі Томас
2019.01.06 08:29

Як заявіў у каментары Belsat.eu архімандрыт Кірыл (Гаварун), прафесар Мэрымаўнцкага ўніверсітэту Лаёлы ў Лос-Анджэлесе, сённяшнія падзеі сведчаць аб тым, што абраная Канстанцінопальскім патрыярхатам стратэгія будавання новай царкоўнай структуры на падмурку строгай кананічнасці сябе апраўдвае.

«У рэшце рэшт, гэта прывядзе да таго, што легітымнасць новай царквы будзе адпавядаць яе легальнасці», – заявіў ён.

Hавiны
Украіна абрала кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы, ім стаў мітрапаліт Епіфаній
2018.12.15 17:40

Вельмі мяккая форма сімфоніі

Паводле архімандрыта, ні статут новай царквы, ні Томас не адрозніваюцца ў паўнамоцтвах і суверэннасці ад іншых аўтакефальных цэркваў, якія былі ўтвораны ў XIX – XX стагоддзях на Балканах і ва Усходняй Еўропе. Больш за тое, яна значна больш незалежная ад дзяржавы за такія аўтакефаліі.

Гэтак, адзначыў Кірыл (Гаварун), Эладская царква была абвешчаная аўтакефаліяй проста ўказам караля, які адначасова абвяшчаўся яе кіраўніком, а епіскапаў якой прызначаў урад.

Фота Аляксандр Чэкмянёў www.kiev-orthodox.org

– Гэта была беспрэцэдэнтная, нават у параўнанні з Сярэднявеччам, форма прыгнёту царквы дзяржавай. Безумоўна, ні пра што такое не ідзе гаворка ва ўкраінскім выпадку. Гэта вельмі мяккая форма сімфоніі і ў параўнанні з папярэднімі выпадкамі, – заявіў суразмоўца.

Разам з тым архімандрыт прызнаў, што да новай царквы пакуль не вельмі ахвотна далучаюцца прадстаўнікі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату – два епіскапы і менш за 40 парафій з моманту сабора. Прычыны палягаюць у тым, што толькі з сённяшняга дня (з моманту атрымання Томасу) царква можа лічыцца створанай.

– Шмат хто чакаў гэтага дня. Паглядзім, што будзе, пачынаючы з заўтрашняга дня і ў нейкай агляднай будучыні, – падкрэсліў эксперт.

Таксама, дадаў ён, яшчэ да канца незразумелыя механізмы пераходу ў новую царкву і «многія чакаюць сфармаванага выразнага алгарытму, па якім можна перайсці ў царкву, не губляючы сваіх папярэдніх магчымасцяў і рэсурсаў».

ВІДЭА
У Стамбуле падпісалі Томас для Праваслаўнай царквы Украіны. LIVE
2019.01.05 11:45

Статус-кво зменены радыкальна

Складана ацэньваць пакуль і перспектывы міжнароднага прызнання Праваслаўнай царквы Украіны. Але, упэўнены Кірыл (Гаварун), «пытанне стаіць не ў тым, ці будзе новая царква прызнана, а ў тым, калі яна будзе прызнаная».

На яго думку, працэс будзе паступовым. Але «гэта не будзе працягвацца некалькі дзесяцігоддзяў, як у выпадку многіх іншых памесных цэркваў». Ужо ў гэтым годзе новая царква можа быць прызнана грэцкімі цэрквамі (Эладскай, Кіпрскай і іншымі) і, магчыма, Румынскай.

Hавiны
Украінская экспертка: «Парашэнка ад сённяшняга дня ўвайшоў у гісторыю»
2018.12.15 20:49

Прычыны таго, што Канстанцінопаль актыўна ўключыўся ў працэс надання аўтакефаліі ПЦУ, архімандрыт бачыць у яго імкненні «змяніць той статус-кво, які ўжо быў не цалкам функцыянальны». Праваслаўная царква ў свеце раз’ядналася – балканізавалася і ператварылася ў канфедэрацыю, што выявілася падчас Усеправаслаўнага сабора на Крыце ў 2016 годзе, які некаторыя цэрквы праігнаравалі, а рашэнні якога «апынуліся вельмі слабымі» з прычыны адсутнасці згоды паміж праваслаўнымі цэрквамі. Эксперт асабліва падкрэсліў, што здарылася гэта задоўга да Кіеўскага сабора і ўкраінскай аўтакефаліі.

– На мой погляд, Канстанцінопальскі патрыярхат выкарыстоўвае ўкраінскае пытанне, каб пераадолець гэты крызіс, – заявіў суразмоўца. Бо рашэннем Канстанцінопальскага патрыярхату статус-кво радыкальна зменены.

Таму, мяркуе ён, у статуце новай царквы яна называецца не ўкраінскай, а менавіта царквой Украіны.

– Нацыяналістычныя элементы, якія глыбока праніклі ў большасць памесных цэркваў, ад пачатку былі выключаныя Канстанцінопалем з асноватворных дакументаў новай царквы. Гэта частка стратэгіі Канстанцінопаля па змяненні агульнаправаслаўнага ландшафту і па выкараненні з яго этнафілетызму і канфедэратызму, – падкрэсліў прафесар.

Аб’ектыў
Царкоўны раскол набірае абароты. РПЦ можа спыніць стасункі з Іерусалімам
2018.10.17 22:46

Праваслаўны свет глядзіць на Украіну з надзеяй

Цяпер адзін з галоўных выклікаў для ПЦУ – не ператварыцца ў нацыяналістычную царкву.

– Захаваць той характар, які быў закладзены ў новую царкву Канстанцінопалем, каб заставацца адзінай структурай, адкрытай розным групам, якая б не атаясамлівалася з нейкімі нацыянальнымі ці нават нацыяналістычнымі праграмамі, – адзначыў Кірыл (Гаварун).

Таксама новая царква мусіць дэманстраваць адкрытасць на міжправаслаўным узроўні. Бо ў праваслаўным свеце з ёй звязваюць надзеі на станоўчыя змены ў агульнаправаслаўным кантэксце. І хоць суразмоўца не ўпэўнены, што ў сённяшнім стане ўкраінская царква здолее генераваць такія змены, але «надзея застаецца». І ад гэтай адкрытасці будзе залежаць, наколькі яна можа стаць кропкай змяненняў і росту.

МГ/belsat.eu

Стужка навінаў