Статкевіч заклікаў да Адміністрацыі Лукашэнкі ў дзень прысуду лідарам РЭП


Старшыня Беларускага нацыянальнага кангрэсу, экс-палітвязень Мікола Статкевіч з паплечнікамі збіраюцца 24 жніўня а 10-й гадзіне прынесці заявы ў Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем спыніць пераслед лідараў незалежнага прафсаюзу РЭП.

Пра гэта Статкевіч паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.

«Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса падтрымлівае ініцыятыву актывістаў прафсаюза РЭП падаць у адзін час персанальныя звароты з патрабаваннем спыніць пераслед Г. Фядыніча і І. Комліка галоўнаму замоўніку расправы над імі», – напісаў апазіцыйны палітык.

Акрамя таго, БНК запатрабуе спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць «грамадзянскай супольнасці і незалежнай прэсы, вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў».

***

24 жніўня ў Доме правасуддзя ў Менску суд агучыць вырак Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, якіх абвінавачваюць у «нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры»( ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да 7 гадоў зняволення.

Праваабаронцы называюць гэтую справу палітычна матываванай. Сам Фядыніч звязвае пераслед выключна з «помстай уладаў за актыўную грамадскую дзейнасць».

Hавiны
Ананімкі на Фядыніча займаюць цэлы том у матэрыялах «справы прафсаюзаў»
2018.08.03 16:16
Стужка навінаў