Статкевіч абвесціў пра правядзенне «Маршу супраць пабораў уладаў»


Акцыя пачнецца 17 лютага а 18:00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Такое рашэнне прыняла Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які прайшоў 20 студзеня.

Паводле аднаго з арганізатараў і ўдзельнікаў аргкамітэту БНК Мікалая Статкевіча, такім чынам савет вырашыў падтрымаць кампанію прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), які збірае подпісы за адмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

«Разумеючы, што гэтую ўладу толькі зборам подпісаў не праняць, мы прынялі рашэнне аб правядзенні маршу, які пачнецца 18.00 на Кастрычніцкай плошчы. Ён пройдзе праз месяц пасля пачатку збору подпісаў, якія мы перадамо ў дзяржаўныя органы ўлады», – расказаў палітык.

Статкевіч падкрэсліў, што БНК – прыхільнік парадку і супраць гвалтоўных акцыяў, таму за пяць дзён да правядзення мітынгу яны паведамяць уладам пра вулічнае мерапрыемства.

Кампанія збору подпісаў за адмену дэкрэту № 3 пачалася 17 студзеня. За тры дні петыцыя за адмену дэкрэту аб дармаедах сабрала амаль 10 тысяч подпісаў.

Падпісацца пад зваротам можна ў цэнтральным офісе прафсаюзу ў Менску, а таксама ў прадстаўніцтвах арганізацыі ў рэгіёнах. Збор электронных подпісаў таксама запушчаны ў інтэрнэце.

Падобны «Марш дармаедаў» за адмену дэкрэту № 3 плануюць правесці 15 сакавіка шэраг дэмакратычных арганізацыяў.

Беларускі нацыянальны кангрэс створаны ў траўні 2016 году. У яго аргкамітэце – Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў