«Стары прэзідэнт – тупік для Беларусі». Дзмітрыеў і Ціханоўская выступілі на радыё


29 ліпеня на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з перадвыбарчымі зваротамі выступілі кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў і Святлана Ціханоўская.

Дзмітрыеў абяцае перакрэсліць дармаедскі дэкрэт

Як паведамляе радыё «Свабода», Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што сёння ў руху за новага прэзідэнта – большасць, хоць улады нейтралізавалі годных канкурэнтаў – Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу.

«Цяпер шмат хто падтрымлівае Святлану Ціханоўскую, жонку арыштаванага блогера. Яна ня ўтойвае, што ідзе ў гэтую кампанію замест яго і змагаецца за ягоную свабоду. У гэтым я яе абсалютна падтрымліваю, усім сэрцам», – адзначыў палітык.

Ён паабяцаў правесці новыя сумленныя выбары і ўжо распрацаваў праграму 10 першых крокаў, неабходных для цывілізаванай змены ўлады. Сярод іх стварэнне пераходнага ўраду, праца над новай Канстытуцыяй, прадказальныя і зразумелыя стасункі з замежнымі партнёрамі Беларусі.

Hавiны
Андрэй Дзмітрыеў: «Краіне патрэбны новы прэзідэнт»
2020.07.28 21:05

Адносна супрацы з Расеяй, Дзмітрыеў паабяцаў сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і ўпершыню назваць рэчы сваімі імёнамі. Паводле яго, Беларусі не патрэбныя паглыбленая інтэграцыя, вайсковыя базы і адзіная валюта.

«У нас больш не будзе сітуацыі, калі кожны год высвятляецца, што няма газавага кантракту – тады бегаем і сварымся. Замест бясконцых размоваў пра братэрства наладзім узаемавыгадныя двухбаковыя стасункі», – заявіў ён.

Таксама кандыдат збіраецца выпусціць палітвязняў, звольніць ідэолагаў, перакрэсліць дармаедскі дэкрэт і падпісаць закон аб барацьбе з кумаўством.

Дзмітрыеў заклікаў галасаваць толькі 9 жніўня і аб’яднацца ў другім туры, каб разам выбраць новага прэзідэнта, бо стары, паводле яго, – гэта тупік для ўсёй Беларусі.

Фота: Святлана Лазарэнка / «Белсат»

Ціханоўская: застацца ўдома – падтрымаць уладу

Святлана Ціханоўская паабяцала працягваць паездкі па Беларусі і заклікала да адзінства, бо гэта апошні шанец для беларусаў вызваліцца ад дыктатуры.

Паводле яе, майдан у Беларусі рыхтуе менавіта Лукашэнка.

«Вас палохаюць, малююць страшныя карціны будучыні Беларусі з новым прэзідэнтам. Вамі маніпулююць, прыдумляюць няісныя небяспекі, падманваюць. Вас палохаюць, што калі вы не выбераце цяперашнюю ўладу, то тут будзе майдан. Насамрэч усё не так», – сказала яна.

Hавiны
Ціханоўская: «Калі ўлада сыдзе, будзе не Майдан, будзе свята»
2020.07.28 19:31

Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць новых, сумленных і справядлівых выбараў з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў і празрыстым падлікам галасоў. Яна таксама заклікала не заставацца ўдома 9 жніўня, бо «інакш вы прагаласуеце за цяперашнюю ўладу».

«Калі мы не прыйдзем на ўчастак – гэта будзе перамога дзейнай улады. Улада павінна зразумець, што нас абсалютная большасць і што мы ніколі не будзем маўчаць », – адзначыла яна.

Кандыдатка падкрэсліла, што чым большая яўка, тым цяжэй скрасці галасы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў