Старшыня СК Іван Наскевіч паляцеў у ЗША на сустрэчу з кіраўніцтвам ФБР


Старшыня Следчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч адправіўся з працоўным візітам у ЗША, дзе ён сустрэнецца з кіраўніцтвам Федэральнага бюро расследаванняў, а таксама наведае шэраг падраздзяленняў і Акадэмію ФБР.

«Нам удвая прыемна, што сёння следчыя Беларусі не проста маюць зносіны на роўных з калегамі з ЗША, але і ўдзельнічаюць у сумесных аперацыях па затрыманню кіберзлачынцаў і ў расследаванні крымінальных справаў, па якіх сумы шкоды вылічаюцца мільёнамі долараў. Факт згадкі ФБР у прэс-рэлізах Следчага камітэту Беларусі ўжо не ўспрымаецца як нешта дзіўнае для грамадскасці. Усё ўжо прывыклі, што гэта паўсядзённая норма супрацы і аказання прававой дапамогі. А злачынцы пачынаюць разумець, што меч правасуддзя іх нагоніць ў любым пункце зямнога шара. Заўважу, сустрэча з кіраўніцтвам ФБР для СК не з’яўляецца самамэтай. Гэта не што іншае, як выдатная магчымасць рэалізацыі планаў па паляпшэнню працы нашага ведамства. Мы хочам азнаёміцца ​​з магчымасцямі амерыканскіх калегаў. Не сакрэт, што IT-тэхналогіі глыбока ўкаранёны ў дзейнасць ФБР – нам ёсць чаму павучыцца і над чым працаваць», – адзначыў Наскевіч у інтэрвʼю БелТА.

Па словах Наскевіч, з 2015 года з удзелам ФБР і СК было праведзена восем працоўных сустрэчаў і навучальных семінараў, а таксама мноства сумесных аперацыяў.

«Прычым заўважу: не толькі прадстаўнікі СК прыязджалі ў ЗША, але і супрацоўнікі ФБР сталі частымі гасцямі Беларусі і нашага ведамства. Да прыкладу, у чэрвені 2017 года ў Менск прыбылі прадстаўнікі бюро ў сувязі з выкананнем просьбы аб аказанні прававой дапамогі па крымінальнай справе. Супрацоўнікі ФБР прысутнічалі пры допыце падазраванага, атрымалі ад нас копіі матэрыялаў і жорсткіх дыскаў, канфіскаваных нашым галоўным следчым упраўленнем у ходзе расследавання. Атрыманую інфармацыю яны выкарыстоўвалі для ўстанаўлення ўсіх фактаў супрацьпраўных дзеянняў на тэрыторыі ЗША », – распавёў Наскевіч.

Ён таксама падкрэсліў, што ў лістападзе 2017 года на тэрыторыі Беларусі была паспяхова праведзена сумесная аперацыя Следчага камітэту і ФБР па спыненні дзейнасці міжнароднай кіберзлачыннай групоўкі «Андрамеда».

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў