Старшыня праўлення клубу «Крумкачы»: Я не хачу нейкай дапамогі ад дзяржавы і не чакаю яе


Хвацка ўзяўшы нязведаны дагэтуль узровень і прабіўшыся нават у лік лідараў найвышэйшай лігі, «Крумкачы» пазней трапілі ў глыбокую ці то функцыянальную, ці то псіхалагічную яму, з якой выбіраліся доўга, не вельмі роўна і ўмела.

«Калі ўжо пасля першага кола мы былі так высока, нават былі трэцімі-чацвёртымі, канешне, калі забіраешся так высока, то ўжо падаць цяжка, непрыемна«, – заўважыў сузаснавальнік футбольнага клубу «Крумкачы» Васіль Глезаў.

Як ні імкнуліся «Крумкачы» фінішаваць хаця б у сярэдзіне турнірнай табліцы, ужо забыўшыся пра ружовыя мары пачатку сезону раптам прабіцца ў «хлебную» Лігу Еўропы, усё ж падзенне было працяглым і, у выніку, у каманды 11-е месца, але з цэлымі васьмю пунктамі перавагі ад зоны вылету. І першы досвед гульні з легіянерамі ў такой справе нельга недаацэньваць.

«Калі хаця б 50 % угадалі з легіянерамі, то ўжо добра. У нас было сем усяго, і гуляюць чатыры ўпэўнена і ў асноўным складзе: гэта і Калугін, і Бацішчаў, і Яшын, і Федарэнка. То бок толькі тры не гуляюць, якія ў нас былі адразу, гэта два хлопцы з Кыргызстану і Давід Сімба. Калі б мяне сто разоў запыталі, ці не шкадуем, што ўвогуле ўзяліся за гэтую справу тры гады таму – ніводнага дня я не шкадаваў пра гэта. Магчыма, я не ведаю, што будзе заўтра. Магчыма, заўтра скажу: «Божа, барані, нікому не параю і гэтак далей, але сёння я – шчаслівы чалавек», – падкрэсліў сузаснавальнік футбольнага клубу «Крумкачы» Васіль Глезаў.

Клуб яшчэ не дасягнуў стварэння гэтак званай фанацкай групоўкі ў добрым сэнсе гэтага слова. Такой, напрыклад, як у менскага, берасцейскага «Дынама» ці гарадзенскага «Нёмна». Тыя ладна перакрыквалі пакуль не вельмі спетую «крумкачоўскую» трыбуну падчас хатніх матчаў дэбютанта.

Але менавіта падчас апошняга матчу сезону супраць клубу «Менск» заўзятарскі сектар вырас заўважна. Ды так, што прыхільнікаў «Крумкачоў» з іх раптам вельмі маштабна расквечаным антуражам флагаў, вялікіх і маленькіх, прыйшлося перавесці з іх наседжанага месца на процілеглую, гасцявую трыбуну.

«Мы ўжо казалі пра тое, што нам трэба з халоднаю галавою скончыць гэты сезон і адразу, з заўтрашняга дня, пачаць падрыхтоўку да наступнага, таму што само сабою нічога не прыйдзе. Як вы бачыце на прыкладзе нацыянальнай зборнай: калі пачалі нешта там рухацца – людзі прыйшлі. У нас нейкі такі маленькі праект, але людзі натхняюцца, прыходзяць і заўзеюць. Вы паглядзіце, якая добрая падтрымка сёння ў нас», – адзначыў адмыслоўца па працы з заўзятарамі клубу «Крумкачы» Аляксей Важнік.

Старшыня праўлення ФК «Крумкачы» і адзін з яго заснавальнікаў Дзяніс Шунто адзначыў: «Я не хачу нейкай дапамогі ад дзяржавы і не чакаю яе. Я хацеў бы проста, каб нас паставілі ў аднолькавыя ўмовы з іншымі, каб мы канкуравалі на роўных, каб у нас былі дакладна такія ж умовы, дакладна такія ж шанцы на тую ж самую дзярждапамогу і на льготы, на той жа падатак на нерухомасць і гэтак далей. Канешне, гэта праблема не спорту і не футболу, праблема ў цэлым нашага жыццёвага ўкладу беларускага. Таму, відаць, не мне гэта вырашаць. Я ў любым выпадку хачу рабіць футбол, і тыя ўмовы, якія ёсць – такія ёсць. Я люблю краіну сваю і ўсё роўна буду як бы тут. Усе кажуць: «Едзь у Літву, яшчэ кудысьці, рабі там каманду, калі табе нешта не падабаецца. Мне ўсё падабаецца, я Радзіму люблю, але, зразумела, гэта засмучае».

НН, belsat.eu

Стужка навінаў