Старшыня Палаты прадстаўнікоў: «Пад выглядам перадвыбарных мерапрыемстваў ладзяцца адкрытыя правакацыі»


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што вонкавыя сілы хочуць выкарыстаць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі для расколу грамадства. Пра гэта піша БелТА.

Паводле Андрэйчанкі, любыя выбары суправаджаюцца падвышанай сацыяльнай актыўнасцю і палітызацыяй грамадскага жыцця, аднак у Беларусі «пэўныя сілы кожны раз спрабуюць выкарыстаць выбарчую кампанію не на карысць краіны, а каб разгайдаць сацыяльна-палітычную сітуацыю».

«Цяперашнія выбары не выключэнне. Мы бачым спробы, якія падтрымліваюцца звонку, пасеяць раскол у грамадстве, выклікаць у народу недавер да ўлады, спекулюючы на ​​тэме пандэміі і звязаных з ёй эканамічных цяжкасцяў. Пад выглядам перадвыбарных мерапрыемстваў ладзяцца адкрытыя правакацыі, выкарыстоўваюцца брудныя паліттэхналогіі, ідзе масіраваная інфармацыйная атака на кіраўніцтва краіны, прыхільнікаў дзейнай улады. Гэта недапушчальна», – падкрэсліў спікер.

Андрэйчанка заклікаў дэпутатаў больш актыўна працаваць з грамадзянскай супольнасцю, «выслухоўваць усе меркаванні і цярпліва, без эмоцый тлумачыць, што стаіць за безадказнымі папулісцкімі заявамі».

«Незалежнасць і дабрабыт дорага каштуюць. Яны дасягаюцца ўпартай працай, выверанай вонкавай палітыкай, адзінствам нацыі. Галоўная задача сёння – захаваць тое, што створана ў краіне за чвэрць стагоддзя, забяспечыўшы мір, справядлівасць і эвалюцыйны шлях развіцця, і на гэтым трывалым падмурку рухацца наперад», – заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў