Старшыня Нацбанку: Фіксаваны абменны курс – гэта не для нашай эканомікі ў цяперашнім стане


Нацыянальны банк Беларусі не мае намеру ўздзейнічаць на абменны курс беларускага рубля пры дапамозе золатавалютных рэзерваў, заявіў старшыня праўлення Нацбанку Павел Калаур на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле яго слоў, не пазней за ліпень галоўны банк краіны мае намер перайсці да палітыкі больш гнуткага курсаўтварэння, якая прадугледжвае выкарыстанне на валютных гандляваннях Беларускай валютна-фондавай біржы бесперапыннага двайнога аўкцыёну (форма правядзення біржавых гандляванняў, што грунтуецца на бесперапынным канкураванні заявак на куплю і продаж).

Для гэтага патрабуецца адаптацыя да такой палітыкі і эканамічных агентаў, і прадпрыемстваў, і банкаў, сказаў Калаур, інфармуе БелаПАН.

«Нацыянальны банк не мае намеру праз золатавалютныя рэзервы ўздзейнічаць на фундаментальнае значэнне курсу беларускага рубля. Што да згладжвання кароткатэрміновых ваганняў, то, безумоўна, у Нацбанку і пры новым рэжыме будуць магчымасці, і мы будзем імі карыстацца. Але гэта не значыць, што мы будзем уздзейнічаць на нейкі раўнаважны курс», – адзначыў кіраўнік Нацбанку. Вельмі важна да гэтага прывыкнуць, бо эканоміка павінна ўмець адаптавацца да вонкавых шокаў, дадаў ён.

«Нацбанк павінен згладжваць кароткатэрміновыя ваганні, мінімальна выкарыстоўваючы золатавалютныя рэзервы. Паводле вынікаў першага кварталу валютныя інтэрвенцыі былі практычна нулявымі. Калі мы возьмем сітуацыю за чатыры месяцы, то Нацыянальны банк купляў на рынку валюты больш, чым прадаваў», – удакладніў Калаур.

Ён падкрэсліў, што цяперашні курс адлюстроўвае справядлівы кошт беларускага рубля, які сфармаваўся зыходзячы з попыту і прапановы.

Тым не менш, працягнуў Калаур, у Нацбанку лічаць неабходным перайсці на яшчэ больш гнуткую палітыку абменнага курсу.

Разам з тым самай правільнай кіраўнік Нацбанку лічыць палітыку фіксаванага абменнага курсу. «Але для гэтага мусяць быць адпаведныя макраэканамічныя ўмовы. Фіксаваны абменны курс – гэта не для нашай эканомікі ў цяперашнім яе стане», – падкрэсліў Калаур.

9 студзеня 2015 года Нацбанк перайшоў да выкарыстання механізма прывязкі курсу беларускага рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля павялічаная да 40%, а долі долара ЗША і еўра зніжаныя да 30% кожная.

Глядзіце яшчэ: Нацбанк раскрывае карты: прагноз па інфляцыі будуць «удакладняць», у сітуацыю з валютамі ўмешвацца радзей

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў