Старшыня КДБ выказаўся наконт далейшага лёсу Паўла Шаройкі і Юрыя Палітыкі


Старшыня КДБ Валерый Вакульчык не выключае магчымасці абмену «ўкраінскага шпіёна» Паўла Шаройка на «беларускага шпіёна» Юрыя Палітыка.

Нагадаем, на мінулым тыдні амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім паведаміў журналістам, што карэспандэнт «Украінскага радыё» Павел Шаройка быў прызнаны вінаватым у «шпіянажы» і асуджаны Вярхоўным судом Беларусі да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Валерый Вакульчык у інтэрв’ю ТАСС пацвердзіў гэтыя дадзеныя: «Так, 8 гадоў. Гэты суд адбыўся яшчэ ў лютым. Яго віна даказаная, ёсць вычарпальныя доказы». Кіраўнік спецслужбы таксама распавёў, што Шаройка пакуль што застаецца ў СІЗА КДБ.

Між тым, Вакульчык заклікаў не ўвязваць арышт і прысуд грамадзяніну Украіны Шаройка з арыштам і судом на Украіне па абвінавачванні шпіянажы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі.

«Перш чым увязваць сітуацыю з Шаройка і грамадзянінам Беларусі, трэба паглядзець, што было раней. Я б не ўвязваў усе гэтыя рэчы», – сказаў Вакульчык.

Пры гэтым ён не выключыў, што ў будучыні паміж Кіевам і Менскам можа адбыцца абмен асуджанымі грамадзянамі.

«У свой час мы абмянялі кадравага разведчыка, якога мы затрымалі некалькі гадоў таму, на нашых грамадзянаў, якія былі затрыманыя ў іншай дзяржаве», – заявіў старшыня КДБ.

Нагадаем, 25 кастрычніка 2017 года ў Менску спецслужбы затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзянаў Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».

У дачыненні да Шаройкі была распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж). Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі.

Суд над украінцам у Менску распачаўся сёлета ў лютым і праходзіў за зачыненымі дзвярыма.

Адначасова з судом над Шаройкай Чарнігаўскі раённы суд (Чарнігаўская вобласць, Украіна) пачаў папярэдняе слуханне па справе беларуса Юрыя Палітыкі, якога ўкраінскія спецслужбы абвінавачваюць у шпіянажы, аднак за гэты час суд амаль не прасунуўся наперад. Паседжанне раз за разам адкладаліся – або з прычыны адсутнасці перакладчыка, або з прычыны адсутнасці адвакатаў. Між тым, у красавіку Чарнігаўскі раённы суд пастанавіў працягнуць арышт Юрыю Палітыке да сярэдзіны чэрвеня.

Belsat.eu пісаў пра дэталі «шпіёнскай» справы – падрабязна чытайце тут.

Юрыя Палітыку затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Раней некаторыя ўкраінскія эксперты выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкай можа быць люстэркавай рэакцыяй на суд над Паўлам Шаройкам у Менску.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў