Старшыня КДБ: Будзем рыхтавацца да гарачай вайны

Кіраўнік Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель 17 снежня выступіў перад рабочымі і начальствам прадпрыемства «Горадня-Азот». Выданне «Наша Ніва» атрымала аўдыязапіс сустрэчы і апублікавала фрагменты выступу старшыні КДБ.

Старшыня КДБ заявіў, што Польшча нібыта выдзяляе грошы, каб «узарваць» студэнцкія калектывы і рабочых». «На забастоўкі грошы будуць выдзяляцца, мы ведаем, праз каго яны будуць ісці», – адзначыў ён.

Іван Церцель заявіў, што не выключае «гарачай вайны» вясной 2021 года:

«Мы рыхтуемся да вясны, ведаем, як будзе развівацца сітуацыя, дзейнічаць будзем жорстка. Справядліва, але жорстка. Будзем рыхтавацца да гарачай вайны, не выключаем і такога варыянту пад відам гуманітарнай місіі. Гэты няпросты перыяд будзе 1,5–2 года».

Церцель прызнаў, што ўлады прайграюць інфармацыйную прастору:

«Так, мы прайграём інфармацыйную прастору. Моладзь у асноўным глядзіць, на жаль, інтэрнэт. Моладзь арыентуецца толькі на кідкія загалоўкі. Мы рыхтаваліся нават да замежнай інтэрвенцыі, прыкрытай гуманітарнымі мэтамі. Рыхтуемся і цяпер. У перспектыве ўсё будзе добра. Цяпер чакаюць, што ў сакавіку-красавіку ўсё будзе кепска з эканомікай. Чакаюць і самі гэта набліжаюць праз санкцыі».

Таксама кіраўнік выказаўся наконт забойства Аляксандра Тарайкоўскага:

«Вакол паводзін сілавых структур дастаткова шмат міфаў, фэйкаў, абстаноўка нагнятаецца адмыслова. Сярод вас, мабыць, ёсць знаёмыя, якія пацярпелі, мабыць, такія моманты ёсць. Таварыш Тараўноўскі ці Тарайкоўскі ў Менску загінуў. Але хто бачыў гэтыя здымкі – бачыў, што чалавек стаіць перад АМАПам, выйшаў – і нахабна стаіць перад міліцыяй (абурэнне ў зале). Ён стаіць мэтанакіравана. Прабачце мяне, хто быў у Злучаных Штатах? («Там вольны продаж зброі» – рэпліка з залы). Спыняецца машына, што ты павінен зрабіць? Рукі пакласці на руль. Калі ты рукі не паклаў на руль, што з табой зробяць? Прыстрэляць на месцы. (Уся зала: «Няпраўда!»)»

ІІ belsat.eu

Hавiны