Кіраўнік ГУБАЗіК: У Беларусі арыштаваныя 10 наймітаў


Начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Мікалай Карпянкоў заявіў, што ягонае падраздзяленне летась распачало 13 крымінальных справаў супраць 11 «жаўнераў удачы», прычым 10 з іх арыштаваныя.

Кажучы пра працу ГУБАЗіК па супрацьдзеянню экстрэмізму, палкоўнік Карпянкоў у інтэрв’ю «СБ-Беларусь сегодня» адзначыў:

«Па-ранейшаму надаем асаблівую ўвагу тэндэнцыі ўдзелу беларускіх грамадзянаў у ваенных канфліктах у якасці наймітаў. У 2018 годзе па матэрыялах ГУБАЗіК распачата 13 крымінальных справаў у дачыненні да 11 «жаўнераў удачы», прычым 10 з іх арыштаваныя. Не выпускаем з поля зроку і актывістаў моладзевых рухаў – з фанацкіх груповак неанацысцкага толку, «Антыфа», анархістаў. Усё гэта гора-экстрэмісты!»

Дзе і на якім баку канфлікта ваявалі гэтыя «жаўнеры ўдачы» Карпянкоў не ўдакладніў. Адзначым, што цягам 2018 года ў адкрытых крыніцах не зʼяўлялася інфармацыя пра арышты грамадзянаў Беларусі, што ўдзельнічалі ва ўзброенных канфліктах за мяжой. Што тычацца канкрэтна артыкулу «найміцтва» (арт.133), то наогул ад пачатку вайны на Данбасе не вядома ніводнага арышту паводле гэтага абвінавачвання. Чатырох баевікоў «ЛДНР», што былі асуджаны ў 2017-2018 гг, прыцягнулі да адказнасці паводле арт. 361-3 КК («удзел ва ўзброеным канфлікце за мяжой без упаўнаважання дзяржавы і пры адсутнасці прыкметаў найміцтва»). Акрамя таго, у 2016-м былі асуджаны грамадзяніны Беларусі, што ваявалі на баку Украіну: Стас Ганчароў за «хуліганства», а Тарас Аватараў за «незаконныя дзеянні адносна зброі».

Роўна год таму Карпянкоў у інтэрвʼю таму ж выданню казаў, што на дачыненне да найміцтва МУС правярае 734 беларускіх грамадзяніна. З іх устаноўлена 188 чалавек, якія дакладна прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Чым скончыліся гэтыя праверкі палкоўнік ГУБАЗіК цяпер не распавёў.

Hавiны
Міліцыя адмовілася распачынаць справу супраць баевіка ДНР за пагрозы журналістцы «Белсату»
2019.01.28 16:16

Нагадаем, у выніку журналісцкага расследавання belsat.eu стала вядома, што грамадзяне Беларусі складаюць трэцюю па колькасці нацыянальную групу сярод удзельнікаў вайны на Данбасе пасля ўкраінцаў і расейцаў. Паводле самых стрыманых ацэнак, агульная колькасць удзельнікаў канфлікту з беларускімі пашпартамі за чатыры гады дасягае 1 тыс. чалавек. Прычым на аднаго беларуса, што ваюе на баку Украіны, прыпадаюць тры беларусы на баку ЛДНР.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў