Старшыня Берасця: Тэма акумулятарнага заводу ў бліжэйшыя паўгода неактуальная


Кіраўнік Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук запрасіў гараджанаў на сустрэчу. У выніку сабралася поўная зала.

Кіраўнік Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук.
Фота: Belsat.eu

Аляксандр Рагачук – персона публічная, якая любіць быць у цэнтры ўвагі, адказваючы на шматлікія пытанні, нібы прэзідэнт. На гэты раз сустрэча старшыні гарвыканкаму і гараджанаў расцягнулася на 3,5 гадзіны. Пры гэтым на яе Рагачук прыйшоў не адзін, а са світай чыноўнікаў рознага рангу, якая размясцілася на дзясятак шэрагаў у залі. Кіраўнік гораду падняў практычна кожнага з іх і аператыўна прапаноўваў адказваць на пытанні людзей, а сам пазначыў: «у нас няма тэм для замоўчвання».

Фота: Belsat.eu

«З такімі парушэннямі завод працаваць не будзе»

Кожны, прыйшоўшы на сустрэчу, мог задаць любое пытанне. Людзей больш за выбары і палітыку цікавілі тэмы аховы здароўя, добраўпарадкавання, будаўніцтва дзіцячых садкоў, мастоў і дарог. Не атрымалася пазбегнуць і вострых пытанняў, паколькі на сустрэчу прыйшлі і атрымалі слова праціўнікі акумулятарнага заводу Дзмітрый Бекалюк, Аляксандр Кабанаў і Таццяна Фесікава. Апошняя і задала прамое пытанне: калі ўсё ж такі будзе канчаткова зачынены гэты завод?

– У гэтай сітуацыі магу толькі выказаць сваё стаўленне, якое не памянялася. Нават па заяве саміх работнікаў кампаніі, пры спрыяльным збегу абставін, на бліжэйшы паўгода завод не магчыма запусціць, у бліжэйшыя паўгода гэтая тэма наагул не актуальная. Завод у гэтым фармаце, з такімі парушэннямі, вядома, працаваць не будзе, – адказаў Рагачук.

Праціўніца акумулятарнага заводу Таццяна Фесікава спытала ў Аляксандра Рагачука, калі нарэшце будзе прынята канчатковае рашэнне пра завод.
Фота: Belsat.eu

Фесікава спытала, калі канчаткова вырашыцца гэтае пытанне, і Рагачук заявіў, што, ён спадзяецца, што ўсё ідзе да гэтага. Ён прапанаваў разам з актывістамі паехаць на завод, каб пераканацца, што прадпрыемства не працуе.

Праціўнік заводу Зміцер Бекалюк скептычна паставіўся да адказу чыноўнікаў датычна заводу.
Фота: Belsat.eu

«Я ніколі не называю сябе мэрам»

– На ваш погляд, старшыня гарвыканкаму – гэта чыноўнік ці палітык? – спытаў Аляксандр Кабанаў.

– Гэта чыноўнік. Я ніколі ў афіцыйных дакументах не называю сябе мэрам, я заўсёды пішу старшыня гарадскога выканаўчага камітэту, некаторыя журналісты пішуць мэр, каб скараціць.

– Вам гэта падабаецца? – тут жа ўдакладніў Кабанаў.

– Я не скажу, што гэта так агідна, – адказаў Рагачук, чым выклікаў смех у залі.

Амаль усе месцы ў залі былі занятыя.
Фота: Belsat.eu

– Значыць, вы хочаце сказаць, што вы не супраць калі б у нас было самакіраванне і старшыняў, мэраў усё ж выбіралі людзі, а не прызначалі зверху? Ці ў вас іншы пункт гледжання? – працягнуў гутарку Кабанаў.

– Калі б было адпаведнае заканадаўства, я б на дадзены момант прыняў удзел у выбарах, – заявіў Рагачук.

Найбольш вострыя пытанні кіраўніку гораду задаваў праціўнік акумулятарнага заводу Аляксандр Кабанаў.
Фота: Belsat.eu

Якое вашае стаўленне да таго, што ў выбарчай кампаніі на дадзены момант не ўдзельнічае не адзін праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу? Людзі былі знятыя па надуманых прычынах. Як вы лічыце, гэтыя людзі павінны былі паўдзельнічаць у выбарах? – удакладніў Кабанаў

– Так, я ведаю, што ўчора быў зняты рашэннем акруговай камісіі Мароз, і я занепакоены тым, што тэма акумулятарнага заводу будзе замоўчвацца, – сказаў кіраўнік Берасцейскага гарвыканкаму

– Не будзе, – паабяцаў Кабанаў.

– Мне б было б зручней, калі б прадстаўнік праціўнікаў будаўніцтва заводу быў дэпутатам, але выбарчая камісія знайшла парушэнні, за якія яго знялі, – выйшаў з сітуацыі Рагачук.

Ніводная падзея ў горадзе не абыходзіцца без актывіста Віталя Казака. Гэтым разам яго цікавілі дзіцячыя пляцоўкі і шапікі «табакеркі».
Фота: Belsat.eu

Пра фэйкавыя і рэальныя старонкі ў сацсетках

Задаўшы свае пытанні, праціўнікі заводу пакінулі залу, і сустрэча зноў пайшла ў штатным рэжыме бытавых пытанняў пра дарогі, двары і транспарт. Незвычайным было хіба пытанне пра акаўнт Рагачука ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», пра што напісалі мясцовыя медыі, але кіраўнік гораду прызнаўся, што гэта фэйкавая старонка.

– Я ёсць толькі ў адной сетцы, у «Аднакласніках». А тая старонка, да якой я не маю ніякага дачынення, ужо выдаленая, – заявіў Аляксандр Рагачук.

Кіраўнік Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук.
Фота: Belsat.eu

АС, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў