Старшыні Магілёўскага гарвыканкаму накіравалі зварот: патрабуюць знайсці вінаватых у смерці фатографа


Аляксандр Сомаў.
Фота: https://vk.com/tutrovar

12 траўня ў Магілёве загінуў фатограф Аляксандр Сомаў. Ён пераязджаў на ровары праз лужыну і трапіў колам у вялікую яміну, схаваную пад вадой.

Здарэнне шырока абмяркоўваецца ў горадзе, шмат людзей піша пра небяспечны стан дарожнага пакрыцця. Асабліва ўражвае тое, што яміну, у якую трапіў раварыст, залаталі на наступны дзень, хаця дагэтуль на яе ніхто не звяртаў увагі і на рамонт грошай не было. І вось праз смерць чалавека і грошы, і адказныя людзі раптам знайшліся.

Hавiны
У Магілёве яма на дарозе стала прычынай гібелі фатографа
2019.05.14 10:22

Афіцыйна выказаў сваё абурэнне сітуацыяй старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Магілёве Уладзімір Шанцаў. Палітык накіраваў зварот на імя старшыні гарвыканкаму Уладзіміра Цумарава. Уладзімір Шанцаў просіць правесці расследаванне і пакараць вінаватых, аказаць дапамогу сямʼі загінулага, а таксама перадухіліць аналагічныя выпадкі.



Следчы камітэт распачаў праверку па факце смерці Аляксандра Сомава. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным акаўнце СК. Там таксама адзначаецца, што папярэдне прычына смерці – не падзенне з ровара, а сардэчнае захворванне.



Гэта ўжо не першы выпадак у Магілёве, калі камунальныя службы чакаюць страшнага здарэння, каб пачаць працаваць. 5 верасня 2018 года ў яміну на тратуары трапіў раварыст, яму прыйшлося выклікаць хуткую.

Гэтая яміна на тратуары па вуліцы Першамайская ў Магілёве цэлы месяц чакала сваю ахвяру.
Фота: https://vk.com/tutrovar

Тую яміну залаталі праз некалькі гадзін, хаця да няшчаснага выпадку яна заставала без увагі каля месяца.

Толькі пасля здарэння рабочыя зрэагавалі і праз некалькі гадзін зарабілі яміну.
Фота: https://vk.com/tutrovar

Доўга чакалі рэакцыі камунальнікаў і іншыя небяспечнасці: правалы на роварнай сцежкі, адкрытыя люкі на краю праезнай часткі і на мастах.

Адкрытыя люкі – частая з’ява, якая доўга застаецца без увагі ў горадзе.
Фота: https://vk.com/tutrovar

Сёння фатографа Аляксандра Сомава пахаваюць на Пашкаўскіх могілках. Яму было 66 год.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў