«Старацца схавацца ад сучаснасці – гэта абсурд!» Дызайнер Андрэй Лары – пра рэстаўрацыю беларускіх замкаў

ВІДЭА

У лютым скончылася рэстаўрацыя паўночнай вежы Гальшанскага замку, сваёй чаргі чакае паўночна-заходняя сцяна. Журналісты аднаўленне прыкладам добрай, сумленнай працы. Але далёка не ўсім гістарычным аб’ектам, што трапілі ў колішнюю дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі», гэтак пашанцавала. Напрыклад, усходні флігель палацу ў Ружанах усё яшчэ чакае нерэгулярных грашовых траншаў ад дзяржавы, і калі грошай няма, то працы, уласна, і не праводзяцца. Або Лідскі замак, які хацелі «здаць» да «Дажынак-2010» і дзе цагліны ляжаць проста пад сцяною.

Якой мае быць сучасная беларуская рэстаўрацыя і хто мусіць апекавацца помнікамі? Сваё меркаванне выказвае сябра архітэктурнай секцыі Таварыства аховы помнікаў і дызайнер Андрэй Лары.

Ці падабаецца вам вынік сёлетняй рэстаўрацыі вежы Гальшанскага замку?

Мне падабаецца, і гэтае меркаванне складзена са станоўчых адказаў на цэлы шэраг пытанняў:

  • працы вяліся ў адпаведнасці з заканадаўствам і рэкамендацыямі міжнародных хартыяў у галіне аховы спадчыны;
  • мінімальны бюджэт разлічаны так, каб этап будаўніцтва меў сталы скончаны выгляд;
  • мясцовая супольнасць прыцягнутая ў працэс развіцця ды станоўчага пераасэнсавання сваіх здабыткаў;
  • помнік як пляцоўка бясконцых спрэчак перайшла ў поле грамадскай кансалідацыі.
Гальшанскі замак – адзін з самых прыгожых будынкаў Вялікага Княства Літоўскага

Наколькі я памятаю, працы на руінах Гальшанскага замку для аднаўлення паўночнай вежы – далёка не першыя, і падсумоўваць сёння варта вынікі цэлага комплексу імпрэзаў. На першым этапе некалькі год таму ад зарасніку ды смецця была вычышчаная ўся тэрыторыя і контуры былога замку. Упершыню за доўгі час архітэктурная спадчына адкрыліся для даследчыкаў, праектавальнікаў ды ўсіх, хто меў жаданне пазнаёміцца з гэтай «схаванай гісторыяй».

Для рэстаўрацыі Крэўскага замку збіраюць камяні праз сацыяльныя сеткі

Найбольшае ж дасягненне праекту, што гэта ледзь не адзіны сёння значны помнік, на якім працы адбываюцца амаль бесканфліктна! Гэта вынік, бадай, самага важнага працэсу – дамаўлення.

З года ў год грамадская арганізацыя Беларускі ICOMOS і праектная арганізацыя «Неф-праект», якія апякаюцца помнікам, прыцягваюць у гэтую справу і адкрыта знаёмяць з ёй усе магчымыя грамадскія колы: краязнаўцаў-аматараў, навукоўцаў, праектавальнікаў, мясцовых жыхароў, чыноўнікаў і г.д.

Спачатку замак належыў славутаму роду Сапегаў, але з другой паловы XVII стагоддзя замак пачынае пераходзіць з рук у рукі

Але рэстаўрацыя – гэта справа дзяржавы, грамадскасці ці ўсіх разам?

Дзяржава – гэта і ёсць грамадскасць. Калі мы большасцю гэта ўсвядомім, то перастанем будаваць барыкады, змагацца з ветрам, а пачнем дзейнічаць, пачнем дамаўляцца.

Менавіта мясцовыя ўлады разам з насельніцтвам павінны прымаць свядомае самастойнае рашэнне, што рабіць са сваёй спадчынай, дзе вынаходзіць сродкі для яе ўтрымання, аднаўлення або знішчэння.

Перыяд паўраспаду. Як «рэстаўруюць» унікальны Гальшанскі замак

Як вы гэта бачыце?

Для пачатку мы павінны навучыцца сумнявацца ў сваіх думках і дзеяннях.

Якія праблемы мае беларуская рэстаўрацыя і што з імі рабіць?

Сёння палітыка Міністэрства культуры дыктуе вельмі простую адназначную мадэль працы з помнікамі архітэктуры: «навуковая рэстаўрацыя». Простымі словамі – рабі, як было, і будзе шчасце. Увага, падкрэсліваю, тут ні слова пра культурныя каштоўнасці, якія заўжды нематэрыяльныя, тут ні слова пра нашыя пачуцці, ці то гэта помнік Багдановічу, ці то Калініну. Таксама як і наўмыснае ігнараванне патрэбаў сучаснага грамадства.

Замест гэтага – вывучэнне і даследаванні. Урэшце, такое адчуванне, што помнікі прыналежаць выключна даследчыкам. На пытанне, каму рэстаўрацыя трэба і навошта, няма адказу і ў новым Кодэксе аб культуры, там зноўку аб «навуковасці» рэстаўрацыі камянёў, пра кантроль, улік і даследаванне…

Лідскі замак. Фота vandrouki.by

А што такое тады сучасная рэстаўрацыя?

Паспрабую сфармуляваць сённяшняе маё разуменне тэрміну «рэстаўрацыя». Гэта працэс вяртання помніку яго вартасці ў вачах грамадства, выяўлення і пашырэння каштоўнасці месца, з’явы або рэчы, яе рэшткаў або цэлага.

Рэстаўрацыя – гэта не «як было», гэта як ёсць сёння ў нашых галовах, каштоўнасць або не, у чым каштоўнасць, што важна і што мы можам перадаць нашым нашчадкам.

То бок у паняцце «сучаснай рэстаўрацыі» ўваходзяць і пластыкавыя вокны, і шкляныя ліфты?

Старацца схавацца ад сучаснасці – гэта абсурд, асабліва калі мы думаем пра ўстойлівае развіццё, пра будучыню!

Разважанні пра шкоднасць выкарыстання сучасных тэхналогій і матэрыялаў пры рэстаўрацыі помнікаў прыводзяць часцей нашых праектавальнікаў да рашэння схаваць гэтыя рэчы пад футрам «стылю пад мінуўшчына», чым наносіцца значна большая шкода ўспрыманню і выгляду гістарычных будынкаў.

Калі ўважліва даследаваць любы будынак, якому больш за сотню гадоў, можна заўжды зафіксаваць цэлы шэраг перабудоў, напластаванняў, з якіх насамрэч і складаецца кожная індывідуальная гісторыя. Не трэба забываць, што наш час, таксама як і папярэднія, павінен пакінуць на помніку свой след, працягнуўшы тым самым ягонае жыццё. Спадзяюся, што будзе гэты след сучасным і прывабным, зручным і зразумелым.

Дзе, у такім выпадку, пралягае мяжа паміж «мы пакідаем свой след» і «што гэта за абы-што замест замку паўстала»?

Калі мы вельмі жадаем убачыць абы-што, дзе б мяжа ні пралягала, будзе абы-што. І наадварот, калі мы жадаем убачыць замак, колькі б абы-чаго ні было, мы абавязкова замак убачым.

НХ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары