Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась заявіў журналістам, што перамовы ў Варшаве не былі накіраваныя супраць Расеі.
«Нельга казаць, што мы, дапусцім, сабраліся ў Варшаве і там размаўлялі супраць каго-небудзь ці інтрыгі там плялі. Ні ў якім разе. Нашыя партнёры выдатна ведаюць, і там таксама пра гэта гаварылася, што Расея – наш стратэгічны саюзнік і партнёр. І нашыя ўзаемаадносіны ні з блокам NATO, ні з нашымі суседзямі, яны не на шкоду супрацы з Расейскай Федэрацыяй. Мы развіваем кантакты і з нашымі заходнімі суседзямі, і з Расеяй», – цытуе Зася БелТА.
Нагадаем, што 31 жніўня ў Варшаве Станіслаў Зась сустрэўся з дарадцам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джонам Болтанам, старшынём Савету бяспекі і абароны Украіны Аляксандрам Данілюком і кіраўніком Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Паўлам Солахам. Напярэдадні, 30 жніўня, Павэл Солах сустрэўся са Станіславам Засем, а таксама віцэ-міністрам замежных справаў Беларусі Алегам Краўчанкам і амбасадарам нашай краіны ў Польшчы Ўладзімірам Чушавым. Згодна з паведамленнем польскага ведамства, размовы датычылі пытанняў двухбаковых дачыненняў і рэгіянальнай сітуацыі бяспекі.
Сёння Зась распавёў, што на наступным тыдні ў Беларусь прыедзе сакратар Савета бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў. Пытанні, што будуць абмяркоўвацца на гэтых перамовах, карэлююцца з тым, пра што ішла гаворка ў Варшаве, дадаў ён.
Станіслаў Зась распавёў, што сустрэча ў Варшаве адбылася па ініцыятыве замежных партнёраў. Абмяркоўваліся перш за ўсё пытанні забеспячэння бяспекі ва Усходняй Еўропе, закраналася сітуацыя вакол Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці і дамовы пра стратэгічнае наступальнае ўзбраенне (СНУ-III) паміж Расеяй і ЗША.
У цэлым Зась назваў сустрэчу ў Варшаве карыснай:
«Мы атрымалі магчымасць выказаць свае ацэнкі, пачулі нашых партнёраў, суседзяў, з якімі ў нас агульная мяжа, гісторыя, ды і ўзаемаадносіны досыць цесныя».
Ішла размова і па тэме ўзаемаадносін Беларусі з NATO. «Мы пацвярджаем, што зацікаўлены ў развіцці гэтай супрацы. Вітаем, што нарэшце знятыя абмежаванні на кантакты прадстаўнікоў высокага ўзроўню паміж блокам NATO і Беларуссю. Гэта неабходна для таго, каб будаваліся стасункі», – падкрэсліў Зась.
ІІ belsat.eu