Сталіцай БНР ледзь не стаў Магілёў


Магілёў у 1918 годзе быў цэнтрам беларускага руху, а мог стаць і цэнтрам БНР – пра гэта заяўляюць гісторыкі Алесь Агееў і Ігар Пушкін, аўтары манаграфіі «Фармаванне і дзейнасць Магілёўскага беларускага камітэту» (далей – МБК). Згодна іх даследаванню, 12 кастрычніка 1917 года ў Магілёве на нарадзе беларускіх арганізацыяў абмяркоўвалася пытанне правесці Усебеларускі з’езд у Магілёве. Такім чынам, Магілёў мог стаць першай сталіцай Беларусі. Але пасля кастрычніцкіх падзеяў быў рэалізаваны іншы праект – і з’езд адбыўся ў Менску.

Затое Магілёў быў адзіным губернскім горадам, які падтрымаў абвяшчэнне БНР у Менску. Гэта здарылася роўна 100 год таму, 31 сакавіка 1918 года. Сёння ў гэты сімвалічны дзень гісторыкі і даследчыкі дзейнасці МБК Ігар Пушкін і Алесь Агееў правялі пешую экскурсію па мясцінах, звязаных з гісторыяй БНР.

Сярэдняя школа № 1 (вул. Першамайская, 24)

Былая Марыінская жаночая гімназія. Менавіта тут 31 сакавіка 1918 года адбыліся кульмінацыйныя падзеі: Магілёў, адзіны сярод губернскіх гарадоў, сумеў сабраць грамаду, каб падтрымаць абвяшчэнне БНР у Менску. Прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх і прафсаюзных арганізацыяў, прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцяў: палякі, украінцы, габрэі, літоўцы, беларусы – усяго 400 дэлегатаў – на сходзе ў гэтым будынку падтрымалі ўтварэнне БНР. Ідэю сярод грамадства прасоўваў Магілёўскі беларускі камітэт. На той момант беларусы сярод насельніцтва Магілёва займалі толькі пятую частку, але МБК удалося даказаць астатнім, што свая ўлада лепш за расейскую.

Магілёўскі скульптар Андрусь Вераб’ёў прэзентаваў свой эскіз памятнай шыльды ў гонар 100-годдзя БНР – з Пагоняй і крылом, што азначае ўзлёт незалежнасці, беларускай дзяржаўнасці. Падчас экскурсіі распачаўся збор подпісаў пад зваротам у гарвыканкам з прапановай усталяваць гэтую шыльду на будынку сярэдняй школы № 1.

Скульптар Андрусь Вераб’ёў трымае ў руках эскіз шыльды
Праект памятнай шыльды ў гонар 100-годдзя БНР

Ратуша і шлюбны будынак

Тут засядала гарадская ўправа. Менавіта тут варта ўзгадаць і Гарадскую Думу Магілёва, у якой 6 з 40 мандатаў мелі прадстаўнікі Магілёўскага беларускага камітэту. Беларусы ў Думе стварылі сваю, вельмі ўплывовую фракцыю. Беларускае пытанне на старонках тагачасных газет было такое ж папулярнае, як і пытанне хлеба.

На плошчы перад тагачаснай Ратушай магілёўскія патрыёты ладзілі вулічныя акцыі. Першая з іх прайшла ў 1917-м на Купалле. Сябры МБК прадавалі квіткі на свята, а таксама ўсталявалі скрыню для ахвяраванняў, што ў выніку дазволіла ім сабраць каля 2 000 рублёў (сярэдні заробак у горадзе ў той час складаў 30–40 рублёў). Менавіта на гэтыя грошы МБК і ажыццяўляў сваю дзейнасць.

Алесь Агееў

Корпус МДУ імя А. Куляшова (вул. Камсамольская, 18)

Калісьці – рэальнае вучылішча. Узровень адукацыі тут быў вельмі высокі, пасля сканчэння вучылішча можна было стаць інжынерам. На пачатку XX стагоддзя выкладчыкам у гэтым вучылішчы працаваў Міхаіл Кахановіч – кіраўнік Магілёўскага беларускага камітэту. Праводзіў агітацыю сярод настаўнікаў вучылішча. Міхаіл Кахановіч браў удзел у першым з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый, ва Усебеларускім нацыянальным з’ездзе. Сёння ў Магілёве жывуць нашчадкі Кахановіча.

Таксама гэты будынак вядомы тым, што ў ім быў створаны беларускі гурток рэалістаў.

Кіраўнік Магілёўскага беларускага камітэту Міхаіл Кахановіч

Царква Святога Мікалая

Звязаная з першымі дэмакратычнымі выбарамі ў Гарадскую Думу. Сябры Магілёўскага беларускага камітэту бралі актыўны ўдзел у выбарах: распрацавалі ўнікальную муніцыпальную праграму, удала вялі агітацыю ў прыходах. Каля царквы Святога Мікалая агітацыю праводзіў сам старшыня МБК Міхаіл Кахановіч.

Пажарны завулак, 9

У 1917 годзе тут знаходзілася электрадрукарня Рабіновіча. Менавіта ў ёй па ініцыятыве Магілёўскага беларускага камітэту надрукавалі першую вучэбную «Праграму па гісторыі беларускага народа».

Спартовая школа «Багіма». Вул. Ленінская, 25

Раней палац першага магілёўскага каталіцкага архіепіскапа Станіслава Богуш-Сестрынцэвіча. Яго ў сваім мемарандуме ад 1921 года на імя Папы Рымскага ўзгадвае Урад БНР. У дакуменце ў якасці станоўчага прыклада прыводзіцца дзейнасць Станіслава Богуш-Сестрынцэвіча, які ў 1772 годзе прапаноўваў сваім святарам казаць казанні і праводзіць катэхізацыю на беларускай мове.

Дзейнасць Магілёўскага беларускага камітэту 100 гадоў таму мела выключную значнасць для беларускага руху. 23 сакавіка 1917 года магілёўскія патрыёты стварылі Магілёўскі беларускі гурток, а праз месяц зарэгістравалі легальную арганізацыю – МБК, якая займалася шырокім колам беларускіх пытанняў: выступала за аднаўленне народных гулянняў і святаў, спрыяла арганізацыі беларускага школьніцтва, бібліятэк, выдавецтваў, праводзіла лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, садзейнічала пашырэнню кааператыўнага рух, а таксама брала ўдзел ува ўсіх важных палітычных працэсах. МБК паспрыяў таму, што Магілёў падтрымаў БНР.

АС

Стужка навінаў